Брэсцкая крама «Князь Вітаўт» абвясціла пра закрыццё

Крама была вядомай у нацыянальна арыентаваных колах, але не праіснавала і чатырох гадоў, піша Свабода.

kamanda_1.jpg

Крама нацыянальных сувеніраў і сімволікі «Князь Вітаўт», якая працавала ад 1 траўня 2017 году, зачыняецца 28 лютага 2021. Як паведамляюць яе ўласнікі, гэта звязана з ціскам сілавых і катрольных органаў.
У заключны дзень працы крама анансавала акцыі і распродаж тавару.
11 лютага прайшоў другі суд у справе крамы. Па выніках праверкі, праведзенай Аддзелам па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, краме налічылі штрафаў за парушэнні амаль на 80 тысяч рублёў. Пасля аспрэчванняў сума скарацілася да 23 тысячаў.
Да судоў крама некалькі разоў зачынялася праз ператрусы і візыты сілавікоў з рознымі мэтамі. Асноўныя прэтэнзіі падатковай інспэкцыі, на падставе якіх судзілі краму, звязаныя з транспартаваннем тавару: у некаторых накладных былі няправільныя адрасы разгрузкі.
Уладальнік крамы Алег Чапараў назваў выяўленыя дзяржаўнымі органамі парушэнні зусім нязначнымі, на якія звычайна ніхто не звяртае ўвагі, бо з-за іх ніхто і не церпіць.
Ператрусы і праверкі адбываліся ў краме і ў папярэднія гады. Калісьці сілавікам не спадабаліся цішоткі з выявай аўтазаку і надпісам «Welcome to Belarus».
Штрафы і сталі прычынай закрыцця крамы. Раней «Князь Вітаўт» існаваў і ў Віцебску як філія брэсцкай крамы, аднак праіснаваў зусім нядоўга праз эканамічныя праблемы.