Брэсцкая салідарнасць з «Крумкачамі»
Аматары футболу Брэста правялі акцыю ў падтрымку двух гульцоў футбольнага клуба «Крумкачы», якія пацярпелі ад АМАП.

Заўзятары, дзейныя і былыя гульцы і трэнеры зладзілі зварот дзеяннем да грамадскасці, дзеля чаго прайшлі з вырабленымі партрэтамі Сяргея Казекі і Паўла Расолькі ад базы Брэсцкага Цэнтра Алімпійскага рэзерву па футболе ўздоўж адной з цэнтральных вуліц абласнога цэнтра да прыдатнай асфальтавай пляцоўкі, дзе зладзілі футбольны пэрформанс.

Перад карэ ўдзельнікаў лікам каля пяцідзесяці чалавек футбалісты сабралі дзве каманды і цягам паўгадзіны азартна ганялі вядомы “квадрацік”, распаўсюджанае трэніровачнае практыкаванне, калі некалькі гульцоў перапасоўваюць мяч у коле, па цэнтры якога стаіць адзін або два іншых гульцы, якім належыць мяч забраць.

Нягледзячы на адлюднае месца пачатку ды позні час, — акцыя пачалася пасля заходу сонца, — адразу з’явіліся міліцыянты. Праз нейкі час іх было ўжо чатыры аўтамабілі і адзін бус. Таму ўдзельнікам давялося па ходу карэктаваць маршрут праходкі. Спецлюдзі адсочвалі ўдзельнікаў на адлегласці.

Удзельнікі акцыі спадзяюцца, што іх пратэст будзе пачуты, пацярпелыя таварышы па спорту атрымаюць належныя прабачэнні і кампенсацыі. Таксама яны выказаліся супраць гвалту над усімі беларусамі, які чыняць сілавікі з падачы скампраметаваўшай сябе ўлады.

Нагадаю, што футбалісты клуба “Крумкачы” Сергей Казека і Павел Расолька былі збітыя і змешчаныя ў адзін з пастарункаў Менска за тое, што нібыта пад час пратэстнай акцыі 30 жніўня на праспекце Незалежнасці бралі ўдзел у пашкоджанні міліцэйскага буса, у які “ціхушнікі” цягнулі пратэстоўца. Гуляючы трэнер Сяргей Казека атрымаў траўму хрыбетніка, удараную траўму жывата, яму адбілі ныркі.
Фота аўтара