Брэсцкая мытня знайшла экстрэмізм у кнізе фатаграфіяў Зянона Пазняка
Экспертная камісія Брэсцкай вобласці па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі выявіла "праявы экстрэмізму" ў дзвюх кнігі аўтарства Зянона Пазняка.
tut.by
Гаворка ідзе пра кнігі "Добрая фатаграфія" і "Абарона Курапатаў. Народны мемарыял", паведамляе tut.by.
З такой сітуацыяй сутыкнуўся адказны сакратар управы сойма Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Алесь Чахольскі. 27 верасня ён перасякаў беларуска-польскую мяжу ў Брэсце і вёз з сабой чатыры розныя кнігі Пазняка. Тры з іх выклікалі ў мытнікаў пытанні — іх затрымалі «для правядзення праверачных мерапрыемстваў».
Праз пэўны час Чахольскі атрымаў ліст, што ў кнігах "Добрая фатаграфія" І "Абарона Курапатаў. Народны мемарыял" выявілі прыкметы экстрэмізму. Брэсцкая мытня накіравала заяву ў суд Маскоўскага раёна Брэста, каб прызнаць дзве кнігі Пазняка экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Копію экспертных высноваў Чахольскаму не далі, таму ён не ведае, што менавіта не спадабалася мытнікам. Да таго ж, у Мінску апазіцыянера выклікаў участковы інспектар Фрунзенскага раёна. Як выявілася, мытнікі даслалі дакументы ў міліцыю, каб выявіць, ці ёсць у дзеяннях Чахольскага адміністрацыйныя парушэнні.
Дарэчы, гэта ўжо не першы інцыдэнт на мытні з кнігамі Зянона Пазняка. Так, Гродзенская мытня ўжо канфіскоўвала кнігу "Тэрра Дэй". Аднак у лютым 2015 спецыяльная камісія зрабіла экспертную высновы: прыкметаў экстрэмізму ў кнізе не знайшлі, нагадвае Еўрарадыё.