Брэсцкую актывістку везлі на псіхіятрычную экспертызу, а знайшлі ў мінскім СІЗА

Больш за тыдзень сваякі актывісткі з Брэста Паліны Шарэнды-Панасюк нічога не ведалі пра яе лёс.

Паліна Шарэнда-Панасюк

Паліна Шарэнда-Панасюк


Родным 23 лютага сказалі, што Паліну Шарэнда-Панасюк з брэсцкага СІЗА №7 вывезлі ў Навінкі пад Мінскам, дзе знаходзіцца Навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя. Нібыта там павінна была прайсці псіхіятрычная экспертыза. У Навінках жанчына павінна была знаходзіцца два тыдні. Аднак туды жанчына так і не даехала, перадае «Радыё Свабода».

Толькі 2 сакавіка актывістку знайшлі ў мінскім СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага.

«Як доўга яна там і колькі яшчэ прабудзе, незразумела. Але этап Паліны ў Навінкі зацягнуўся на восем дзён, гэта можна ўспрымаць толькі як ціск на маю жонку, — сказаў яе муж Андрэй Шарэнда. — Кожны этап — гэта вялікі стрэс, удар па здароўі, халодныя аўтазакі, некалькі асабістых аглядаў. Гэта робіцца, каб зламаць чалавека маральна і фізічна».

Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі ва ўласнай кватэры 3 студзеня. Супраць яе пачалі крымінальную справу паводле арт. 364 («Гвалт або пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»).

У 2019 годзе Паліна балатавалася ў Палату прадстаўнікоў і лічыць, што яе беспадстаўна «забракавалі». Акрамя таго, яе спрабавалі абвінаваціць у абразе прэзідэнта і завялі крымінальную справу. Восенню мінулага года мужа і жонку некалькі разоў судзілі, Андрэй двойчы адбываў адміністрацыйны арышт за ўдзел у акцыях пратэсту. Пасля гэтага камісія па справах непаўналетніх папярэдзіла іх аб недапушчэнні браць з сабой на акцыі дзяцей — у пары двое сыноў 11 і 4 гадоў.