Брэст: актывісты "Гавары праўду!" — за паляпшэнне дарог у горадзе
Брэсцкія актывісты кампаніі "Гавары праўду!" намецілі перспектыўныя мерапрыемствы, скіраваныя на паляпшэнне стану дарог у горадзе. Як паведаміў актывіст кампаніі Ігар Маслоўскі, 7 мая яны правялі круглы стол, дзе былі падведзены прамежкавыя вынікі распачатай сёлета рэгіянальнай кампаніі "Тысяча і адна ямка".
Ігар Маслоўскі
"Гэту ініцыятыву ўжо ведаюць брэстаўчане і звяртаюцца з праблемамі дарог у рэгіёне ў нашу грамадскую прыёмную. Мы падтрымліваем гараджан у вырашэнні хвалючых іх пытанняў. У прыватнасці,
дапамагаем скласці калектыўны зварот, абскардзіць адказы чыноўнікаў у вышэйстаячыя інстанцыі ў выпадку неабходнасці, сумесна арганізоўваем збор подпісаў", — дапоўніў Маслоўскі.
Паводле яго слоў, удзельнікі круглага стала прынялі рашэнне дабівацца ўкладкі тратуара ўздоўж дарогі паміж вуліцамі Ракасоўскага і Жукава ў мікрараёне Паўднёвы. У хуткім часе будуць адпраўлены
адпаведныя скаргі ўладам, таксама намячаецца падача заявак на правядзенне пікетаў, каб прыцягнуць увагу да праблемы парушэння бяспекі руху пешаходаў.
"Апрача таго, плануецца пачаць збор подпісаў у мікрараёне Граеўка пад зваротам у гарвыканкам з патрабаваннем зрабіць рамонт дарогі і тратуар у гэтай частцы горада, праводзіць маніторыг стану дарожнага пакрыцця ў Брэсце, пры гэтым асаблівая ўвага будзе нададзена добраўпарадкаванню перыферыйных вуліц", — заявіў Маслоўскі.
Ларыса Шыганава, БелаПАН