Будтрэст вінаваты? Што будзе з дэмантаванымі дзіцячымі пляцоўкамі ў Брэсце

Абласная арганізацыя БСДП атрымала ад абласной пракуратуры адказ на свой зварот  з нагоды дэмантаваных дзіцячых пляцовак па вул. Машэнскага. З адказу вынікае, што пасля рамонту дзіцячае абсталяванне будзе вернута на ранейшае месца.

20160611_183711.jpg


Нагадаем, што на падставе рашэнняў Брэсцкай транспартнай пракуратуры і Брэсцкага цэнтра стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, супрацоўнікамі Брэсцкай дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў зроблены дэмантаж абсталявання дзіцячай пляцоўкі па вуліцы Машэнскага. Жыхары дома вырашылі змагацца за свае правы.
Абласная арганізацыя БСДП у межах кампаніі «За наш горад» накіравала зварот у Генеральную пракуратуру, а актывісты кампаніі прымалі ўдзел у 2-х сходах у двары дамоў па вуліцы Машэнскага ў Брэсце, якія адбыліся на месцы дэманціраваных дзіцячых пляцовак.


«Эксплуатаванае на дзіцячых гульнявых пляцоўках па вул. Машэнскага г. Брэста траўманебяспечныя абсталяванне, не адпавядала патрабаванням Дзяржаўнага стандарту Рэспублікі Беларусь, было набыта і змантавана ў перыяд 2009-2011 гадоў падрадчыкам ААТ «Будтрэст № 8». Матэрыялы па гэтым факце транспартнай пракуратурай накіраваны ва УУС Брэсцкага аблвыканкама для правядзення праверкі ў парадку арт. 174 КПК Кодэкса Рэспублікі Беларусь і дачы прававой ацэнкі дзеянням службовых асоб, адказных за дапушчаныя парушэнні і прычыненую шкоду».


«Такая асноўная выснова праведзенай праверкі кантрольнага органа на нашу скаргу» — каментуе адказ пракуратуры ініцыятар звароту, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі.
У адказе пракуратуры паведамляецца таксама, што ў цяперашні час па патрабаванні пракуратуры РУП «Брэсцкае аддзяленне Беларускай чыгункі» прымаюцца меры па рамонце дэмантаванага абсталявання, прывядзенню яго ў адпаведны стан у вытворчых умовах з прыцягненнем спецыялізаванага прадпрыемства і наступнага мантажу на дзіцячых дваровых пляцоўках.
«Ініцыятыва пракуратуры пахвальная, калі ўлічыць, што гэта ў першую чаргу былі патрабаванні жыхароў і абласной арганізацыі БСДП. Сітуацыя будзе выпраўлена, толькі вось дзеці ўсё лета правядуць без пляцовак», — дадае Маслоўскі.
Паводле інфармацыі з прэс-рэліза