Былога палітвязня Рубцова могуць дэпартаваць з ФРГ

Улады Нямеччыны адмовілі ў палітычным прытулку былому палітзняволенаму Юрыю Рубцову. У кастрычніку 2015 году разам з жонкай Ядзвігай ён з'ехаў у Нямеччыну, вердыкту чакалі ў лагеры ўцекачоў пад Нюрнбергам.

7656dbd3_fd28_4325_a409_9c419be03f39_cx0_cy2_cw0_w1023_r1_s.jpg


У Беларусі Юры Рубцоў набыў вядомасць пасля таго, як пачаў з'яўляцца на апазіцыйных акцыях у майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь». Яго неаднаразова затрымлівалі, каралі адміністрацыйнымі арыштамі. Калі адбываў «хімію», аналагічную тату зрабіў сабе на грудзях.

Фота з сайта spring96.org

Фота з сайта spring96.org

Грамадскі актывіст з Гомелю быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ў кастрычніку 2014 году «за ўхіленне ад адбыцця пакарання» ў сеэцкамендатуры вёскі Куплін, куды ён быў накіраваны на 1,5 года за «абразу суддзі».
У турме трымаў шматдзённую галадоўку і быў вызвалены перад прэзідэнцкімі выбарамі 2015 году на падставе ўказу Аляксандра Лукашэнкі.
Праз некаторы час Рубцовы папрасілі палітычнага прытулку ў Нямеччыне. Больш за год яны чакалі адказу нямецкага ўраду аб даванні прытулку. 1 чэрвеня быў атрыманы адказ — просьба не задаволена.
Як сказала Свабодзе Ядзвіга Рубцова, канчатковае рашэнне наконт сваёй будучыні будзе прынятае на наступным тыдні:
«Мы маем права аспрэчыць адмову праз суд, іншых варыянтаў папросту няма. Ці скарыстаемся? Пакуль ня ведаю. Асабіста я хацела б, а мужу перашкаджае гонар — гэта для яго як прыніжэнне. Справа ў тым, што прытулак даюць шмат каму — сірыйцам практычна ўсім, іншым уцекачам. У той час як Беларусь, Украіна, наогул постсавецкая прастора — адны негатывы, усіх грабуць пад адно. Не глядзяць, чаму ты тут, з якой прычыны, нават не зважаюць, што ты палітычны і за цябе змагалася тая ж Еўропа, пакуль сядзеў. Нібыта абяцала спрыянне „Міжнародная амністыя“, якая прызнавала Юрыя пацярпелым, але пакуль безвынікова».
Як удакладніла спадарыня Ядзвіга, два тыдні даецца на абскарджванне рашэння. Калі ж высілкі акажуцца бясплённымі, цягам 30 дзён Рубцовы мусяць пакінуць краіну:
«Цягам месяца мы мусім добраахвотна вызваліць памяшканне, іначай прыедуць з паліцыяй і дэпартуюць. Мабыць, нешта будзем вырашаць у аўторак, калі з'явіцца прыстаўлены да нас расейскамоўны сацыяльны работнік. Будзем раіцца. Іншая справа, што адвакаты тут, мякка кажучы, зусім ня танныя. Добра, калі ўрэшце вырашыцца станоўча, але вялікая рызыка аддаць апошнія грошы і застацца без нічога — гарантаваць станоўчага рашэння ніхто ня можа. Мы ж ніякіх правоў ня маем, уцякач і ўцякач, ніхто з табой цырымоніцца ня будзе».
У 2014 годзе Юры Рубцоў быў асуджаны на 1,5 года «хіміі» за знявагу суддзі, які судзіў яго напалову раздзетым — міліцыянты сарвалі з яго майку з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!».
На хіміі ў Пружанскім раёне Юры Рубцоў адмовіўся працаваць на работах, вызначаных міліцыяй, паколькі яго не задаволіў узровень заробку. Пасля таго, як Рубцоў зрабіў сабе тату з тым жа надпісам «Лукашэнка, сыходзь», на яго завялі новую крымінальную справу за адмову працаваць і змясцілі за краты.
У чэрвені 2015 году Рубцова асудзілі на 2 гады зняволення, адбываў ён пакаранне ў калоніі ў Бабруйску. «Міжнародная амністыя» прызнала беларускага актывіста палітвязнем. У жніўні таго ж году выйшаў на волю разам з іншымі асуджанымі за палітычную актыўнасць.
svaboda.org