Былы дырэктар Інстытута сацыялогіі Генадзь Коршунаў уладкаваўся ў ЕГУ
Генадзь Коршунаў пакінуў пасаду дырэктара Інстытута сацыялогіі Акадэміі навук у верасні мінулага года. Ён быў сярод тых навукоўцаў, якія асудзілі не толькі гвалт, але і фальсіфікацыі падчас прэзідэнцкіх выбараў.
Менавіта Генадзь Коршунаў незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў
пацвердзіў, што, паводле дадзеных красавіцкіх апытанняў, узровень даверу Лукашэнку
ў сталіцы быў усяго 24%, нагадвае «Наша Ніва».
«Я зараз у нейкіх праектах разава ўдзельнічаю ў асноўным, —
распавёў Генадзь Пятровіч «Народнай Волі». — Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт
прапанаваў у іх папрацаваць. У маім становішчы было б недарэчна адмаўляцца,
таму як сацыёлаг-даследчык працую ў ЕГУ са студзеня гэтага года. Вялікі дзякуй
універсітэту за гэтую прапанову!»
Нагадаем, раней у ЕГУ працаўладкаваліся 12 беларускіх выкладчыкаў з ліку тых, што былі звольненыя па палітычных матывах.