Чаргінец запрасіў Алексіевіч на каньяк

Кіраўнік праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі не сустракаў Алексіевіч у аэрапорце, бо не ведаў пра прылёт нобелеўскай лаўрэаткі. Але гатовы прыняць яе, калі Святлана пагодзіцца.



4arginets.jpg

svaboda.org

15 снежня пісьменніца Святлана Алексіевіч вярнулася ў Беларусь са Стакгольма, дзе атрымлівала Нобелеўскую прэмію па літаратуры. У аэрапорце яе сустракалі простыя людзі, але дзяржаўных афіцыйных асобаў на сустрэчы не было — як не было і прадстаўнікоў праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі. На пытанне Радыё Свабода пра адсутнасць прадстаўнікоў іх Саюза на сустрэчы Алексіевіч старшыня арганізацыі Мікалай Чаргінец адказаў, што не ведаў пра прылёт пісьменніцы:

 «Нас ніхто не запрашаў, я нават не ведаў, дзе гэтая сустрэча была і што яна ў Мінск прыехала. Мы не ведалі, што яна прыязджае, ніхто нам не казаў нічога, ад вас гэта чую ўпершыню».

На пытанне, ці збіраецца цяпер Саюз пісьменнікаў Беларусі павіншаваць Алексіевіч па яе вяртанні ў краіну, Чаргінец паведаміў, што павіншаваў пісьменніцу ўжо даўно:

«А што збірацца? Я вам скажу, што мы першыя. Той саюз (маецца на ўвазе незалежны ад уладаў Саюз беларускіх пісьменнікаў. — РС) як пачаў крытыкаваць, крычаць, што яна не беларуская пісьменніца, бо піша па-руску, я выступіў і сказаў і радыё, і тэлевізіі, і Еўропе, і ўсім, што гэта не праўда, што гэта беларуская пісьменніца, і мы ганарымся, што слова „Беларусь“ прагучала ў літаратуры ў Нобелеўскай прэміі — і віншуем яе. Усё мы сказалі. А тыя потым перастроіліся, сталі ў яе сябрукамі.

Мы ў першую чаргу ганарымся тым, што ў літаратурным свеце, на вяршыні яго ацэнкі Нобелем, заўважылі літаратурную Беларусь. Калі Алексіевіч — мы віншуем Алексіевіч».

Пра планы ўрачыстых мерапрыемстваў з нагоды прылёту Алексіевіч са Стакгольму Чаргінец не ўзяўся казаць, але заявіў, што прыме пісьменьніцу з каньяком і шампанскім, калі яна пагодзіцца:

«Пажадае — мы яе прымем тут, напоім каньяком добрым, шампанскім, павіншуем. Што тут! Алексіевіч — што, мы з ёй не знаёмыя ці што? У нас, вы ведаеце, Якубовіч (галоўны рэдактар „Советской Белоруссии“ Павал Якубовіч. — РС) запрашаў яе на сустрэчу з прэзідэнтам — яна адмовілася».