Сакратар Цэнтрвыбаркама Беларусі Мікалай Лазавік лічыць, што заходніх назіральнікаў не варта запрашаць для назірання за беларускімі выбарамі да тых часоў, пакуль Еўрасаюз не адменіць візавыя санкцыі, у тым ліку, у дачыненні да арганізатараў выбараў.
"У мяне наогул ёсць прапанова іх не запрашаць. А калі і запрашаць, то толькі пасля таго, калі яны адменяць свае штрафныя санкцыі", — заявіў сакратар беларускага ЦВК агенцтву "Інтэрфакс-Захад" 18 студзеня.
"Гэта павінна быць, напэўна, галоўнай умовай для запрашэння еўрачыноўнікаў у якасці назіральнікаў, незалежна ад таго, ці будуць гэта паслы краін ЕС, ці міжнародныя арганізацыі, якія сфальсіфікавалі вынікі назірання", — сказаў Лазавік.
Акрамя таго, паводле яго словаў, "наогул місію АБСЕ запрашаць будзе неяк некарэктна". "Па сутнасці, мы па віне АБСЕ знаходзімся як бы пад хатнім арыштам, мы — неўязныя ў Еўропу. Пытанне, у якасці каго прыедуць еўрачыноўнікі да нас: у якасці назіральнікаў або наглядчыкаў? Хутчэй, як наглядчыкі. Каб не ставіць іх у няёмкае становішча, я б наогул не стаў бы іх запрашаць", — адзначыў прадстаўнік Цэнтрвыбаркама. Пры гэтым М. Лазавік удакладніў: "Гэта маё асабістае меркаванне, дадзеныя пытанні вырашаю не я, а надзеленыя Канстытуцыяй дзяржаўныя інстытуты — прэзідэнт і парламент".
Лазавік паведаміў, што раней група сябраў ЦВК звярнулася ў Еўрасаюз з лістом, у якім пыталіся, на якой падставе іх пазбавілі права ўезду ў Еўропу. "Адказ адпавядае маёй характарыстыцы еўрачыноўнікаў — "еўрадэбілізм", — заявіў сакратар камісіі. Пры гэтым ён працытаваў адказ, атрыманы з генеральнага сакратарыята Савета ЕС.
"Савет мяркуе, што звесткі, выкладзеныя ў вашым лісце, не апраўдваюць зняцце абмежаванняў, мер ЕС супраць вас. Савет застаецца пры сваім меркаванні, што абмежавальныя меры супраць вас апраўданыя. Члены ЦВК Бушная, Бушчык, Кісялёва, Падаляк былі ўключаны ў рашэнне Савета ЕС, якое датычыцца абмежавальных мер супраць прэзідэнта Лукашэнкі і некаторых афіцыйных асоб, па наступнай прычыне: "член ЦВК", — працытаваў Мікалай Лазавік.
"Атрымліваецца, што сяброўства ў ЦВК з'яўляецца, на думку еўрачыноўнікаў, злачынствам. Я не магу паважаць тых еўрачыноўнікаў, якія без усялякіх падставаў абмяжоўваюць правы і свабоды
грамадзян толькі таму, што яны займаюць нейкую пасаду", — заявіў сакратар ЦВК Беларусі.