Цэнтры занятасці ў Гродне і вобласці абмяжоўваюць прыём на ўлік
Гэта выклікана павялічэннем у некалькі разоў колькасці жадаючых атрымаць статус «беспрацоўнага». Афіцыйная лічба беспрацоўных у рэгіёне перакрочыла пяцітысячны бар’ер.
Старшыня Свабоднага прафсаюза металістаў Аляксандар Бухвостаў лічыць такія дзеянні спробай схаваць рэальную сітуацыю і прадухіліць рост сацыяльнай напружанасці ў грамадстве:
— Не могуць ні забяспечыць працай,ні знайсці ім працу, ні стварыць магчымасці перанавучання, а калі ствараюць магчымасць перанавучання потым, усё адно, не могуць знайсці працы. Таму, я думаю, што ўзровень беспрацоўя цяпер даволі высокі. Па некаторых заводах ёсць такі цыркуляр пра тое, каб прывесці ў адпаведнасць колькасць.
Асабліва складаная сітуацыя з пастаноўкай на ўлік у цэнтрах занятасці ў буйных гарадах рэгіёна: Гродне, Лідзе, Ваўкавыску і Слоніме, паведамляе «Радыё Рацыя». Людзям, якія звярнуліся па атрыманне статусу «беспрацоўнага», па надуманых прычынах адмаўляць у такой магчымасці.