Ці будуць падаваць заяўку на правядзенне Дня Волі-2021?

Крыху больш за месяц застаецца да 25 Сакавіка, гадавіны абвяшчэнне незалежнасці Беларускай народнай рэспублікі, нагадвае Наша Ніва. Традыцыйна ў гэты дзень адзначаецца Дзень Волі, праходзяць вулічныя акцыі пад бел-чырвона-белымі сцягамі. А што будзе сёлета?

Фота Дзіяны Пінчук

Фота Дзіяны Пінчук

У сённяшніх умовах, калі многія палітыкі апынуліся за кратамі, а іншыя — у эміграцыі, ці будзе нехта падаваць заяўку на правядзенне Дня Волі? Аказваецца, праца ўжо вядзецца. Арганізацыі і людзі, зацікаўленыя ў святкаванні 25 Сакавіка, сустракаліся на мінулым тыдні.
«Цяпер ідзе абмеркаванне па фармаце і па магчымым удзеле. Справы рухаюцца цяжка, але не выключаю, што ўсё можа атрымацца», — сказаў «НН» лідар БСДП Ігар Барысаў.
У сваю чаргу, Рыгор Кастусёў ад імя грамадскай арганізацыі БНФ «Адраджэнне» ўжо пачаў перамовы з уладамі для правядзення мерапрыемства. Справа ў тым, што, у адпаведнасці з новымі правіламі, перад тым, як падаць заяўку ў Мінгарвыканкам, трэба заключыць дамовы з хуткай дапамогай і камунальнымі службамі.
«З хуткай дамова ўжо існуе. Спадзяёмся, што хутка будуць і дзве астатнія», — кажа Рыгор Кастусёў.
Калі БНФ «Адраджэнне» справіцца з гэтым этапам, то тады ўжо і будзе разглядацца пытанне, хто яшчэ падпішацца пад заяўкай да Мінгарвыканкама.
Дзе ж пройдзе мерапрыемства? Рыгор Кастусёў кажа, што пакуль гаварыць пра гэта рана. З нашых крыніц стала вядома, што апазіцыя згодная на любую пляцоўку ў цэнтры Мінска з цвёрдым пакрыццём, бо перажывае, што да той пары яшчэ не сыдзе ўвесь снег і месца ператворыцца ў бруд.
У 2018 годзе, на стагоддзе БНР, святкаванне прайшло ля Опернага тэатра ў Мінску, у 2019 — часткова ў Гродне, а часткова — у Кіеўскім скверы ў Мінску, у 2020 годзе праз пандэмію каранавіруса Дзень Волі не адзначаўся вулічнымі акцыямі.