«Я не гатовы плаціць Балабу»: АГП наўрад ці будзе ўдзельнічаць у падачы заяўкі на Дзень Волі

Аб'яднаная грамадзянская партыя наўрад ці будзе ўдзельнічаць у падачы заяўкі на Дзень Волі. Пра гэта заявіў кіраўнік партыі Мікалай Казлоў.

img_20170325_122356.jpg


«Паўстае маральны выбар: мы ж не можам проста так заяўку ў Мінгарвыканкам занесці, мы павінны заключыць пагадненне з міліцыяй. Я не гатовы ўбачыць Балабу, сказаць яму: “Ты вось памардаваў усіх, а цяпер мы табе заплацім”. Я не магу ставіцца да іх як да праваахоўных органаў, у мяне не атрымліваецца», — патлумачыў Казлоў «Нашай Ніве».

Пры гэтым, нагадаем, сам Мікалай Казлоў — былы міліцыянт.

Нядаўна лідар АГП быў асуджаны на 15 сутак арышту за тое, што адмовіўся даць падпіску аб неразгалошванні допыту. Яго дапытвалі па «справе Каардынацыйнай рады». Пасля прысуду Казлова пакінулі на волі, але ў любы момант могуць пасадзіць адбываць арышт.

У сваю чаргу Рыгор Кастусёў ад імя грамадскай арганізацыі БНФ «Адраджэнне» ўжо пачаў перамовы з уладамі для правядзення мерапрыемства. Справа ў тым, што, у адпаведнасці з новымі правіламі, перад тым, як падаць заяву ў Мінгарвыканкам, трэба заключыць дамовы з хуткай дапамогай і камунальнымі службамі.

«З хуткай дамова ўжо існуе. Спадзяёмся, што хутка будуць і дзве астатнія», — кажа Рыгор Кастусёў.

Калі БНФ «Адраджэнне» справіцца з гэтым этапам, то тады ўжо і будзе разглядацца пытанне, хто яшчэ падпішацца пад заяўкай да Мінгарвыканкама.