Ці прызнае суд забарону шэсця на Дзень Волі незаконнай?
Cуд прызначыў разгляд скаргі «Народнай грамады» на забарону Мінгарвыканкама шэсця на Дзень Волі толькі на 23 красавіка.

Затрыманні на Дзень Волі 2018 на плошчы Якуба Коласа ў Мінску. Фота Арцёма Лявы
Заяўка на правядзенне дэманстрацыі на Дзень Волі была пададзена ў Мінгарвыканкам актывістамі аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Сяргеем Спарышам, Валянцінам Троцкім, І. Краўчанкам яшчэ 7 сакавіка 2018 года. Паводле заяўкі, актывісты прасілі дазволіць дэманстрацыю ад плошчы Якуба Коласа да Опернага тэатра.
Але выканкам палічыў у цэлым немэтазгодным правядзенне шэсцяў на Дзень Волі ў сталіцы і рашэннем ад 19 сакавiка адмовіў у заяўцы, аб чым заяўнікам стала вядома на наступны дзень.
22 сакавіка праваабаронцы даведаліся, што актывісты “Народнай грамады” накіравалі калектыўную скаргу ў Суд Маскоўскага раёна г. Мінска на рашэнне Мінгарвыканкама, якім улады забаранілі дэманстрацыю, паведамляе spring96.org. На думку актывістаў, рашэнне выканаўчага органа парушае іх права на мірны сход, а таксама права на распаўсюд інфармацыі, гарантаванае Канстытуцыяй і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Але, як стала вядома ПЦ “Вясна”, суд прызначыў разгляд скаргі толькі на 23 красавіка.
Нагадаем, што 25 сакавіка на плошчы Якуба Коласа былі затрыманы больш за 60 чалавек, у тым ліку і заяўнікі дэманстрацыі Сяргей Спарыш і Валянцін Троцкі. У выніку на актывістаў былі складзены пратаколы па арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства). 26 сакавіка ў Савецкім раённым судзе г. Мінска павінны былі адбыцца суды над імі, але па прычыне таго, што пратаколы не былi дастаўлены з РАУС, суд адклалі на нявызначаны тэрмін. Ёсць верагоднасць, што судоў наогул не будзе.
Праваабаронца ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч, каментуючы гэтую сітуацыю, адзначае:
“Тое, што дата разгляда скаргі прызначана толькі на 23 красавіка, хаця яна была пададзена да 25 сакавіка, сведчыць аб тым, што рашэнне суда ўжо прадвызначана. Зразумела, якога характару яно будзе: скарга будзе незадаволеная, а дзеянні Мінгарвыканкама прызнаныя законнымі і абаснаванымі. Таму, думаецца, што сюрпрызаў ніякіх не будзе. У прынцыпе, наконт сітуацыі пра мірныя сходы 25 сакавіка мы ўжо выказваліся. Мы лічым, што забарона шэсця Мінгарвыканкама з’яўляецца непрапарцыйным і неабгрунтаваным абмежаваннем свабоды мірных сходаў. Мінгарвынкам не абгрунтаваў сваю забарону шэсця ніякімі дапушчальнымі абмежаваннямі свабоды мірных сходаў, якія сфармуляваны ў арт. 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. То бок не было пазначана, што шэсце нясе пагрозу нацыянальнай бяспекі, грамадскаму парадку, інтарэсам іншых грамадзянам і гэтак далей. Гэта ўсё ўкладываецца ў агульныя праблемы заканадаўства, якое рэгулюе рэалізацыю свабоду мірных сходаў Беларусі. Той Закон у тым выглядзе, што існуе сёння, не стварае ўмоваў для свабоднай рэалізацыі гэтага права”.
Разгляд скаргі прызначаны на 23 красавіка ў 16.00 у кабінеце 217 суда Маскоўскага раёна г. Мінска.
Разам з тым, 10 красавіка Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне інтэрнэт-карыстальнікаў падчас сустрэчы з журналістамі дзяржаўных СМІ заявіў, што пакуль ён знаходзіцца на пасадзе прэзідэнта, дзень абвяшчэння БНР 25 сакавіка дзяржаўным святам не будзе, перадае БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі ўжо ёсць Дзень Незалежнасці (Дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 3 ліпеня, — заўв.рэдакцыі).
«У нас ёсць Дзень Незалежнасці, і калі б мы тады не перамаглі, то сапраўды ніякай незалежнасці не было б», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што як гісторык па адукацыі звяртаўся да гэтай тэмы [ролі БНР], вывучаў існуючыя меркаванні і прыйшоў да высновы, што ў Беларусі пакуль не разумеюць, што такое БНР і якую ролю яна адыграла.
На думку Лукашэнкі, у гэтай часткі беларускай гісторыі не ўсё відавочна. З аднаго боку, стваральнікі БНР хацелі адзінства для краіны, з другога — звярталіся па дапамогу да нямецкага кайзеру.