Ціханоўская заклікала федэральнага пракурора Германіі распачаць крымінальную справу супраць Лукашэнкі

Святлана Ціханоўская накіравала ліст у Федэральную пракуратуру Германіі. Яна заклікала федэральнага пракурора Пітэра Франка распачаць крымінальную справу па заяве нямецкіх адвакатаў.

photo_2021_05_19_10_33_45.jpg


Раней адвакаты падалі заявы з патрабаваннем распачаць крымінальныя справы супраць Лукашэнкі і прадстаўнікоў рэжыму ў інтарэсах дзесяці беларусаў, якія пацярпелі ад гвалту з боку рэжыму, перадае «Радыё Свабода».

Улічваючы эскалацыю рэпрэсій у Беларусі, а таксама пераслед журналістаў і блакаванне сайта TUT.BY, Ціханоўская просіць федэральнага пракурора зрабіць усе магчымыя крокі для прыцягнення вінаватых да адказнасці.

«Завядзенне такой справы дазволіць паказаць беларусам, што нават ва ўмовах беззаконня ў краіне іх абараняе міжнароднае права», — паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай.

Нагадаем, чатыры адвакаты ад імя дзесяці беларусаў падалі заяву ў рамках універсальнай юрысдыкцыі у Генеральную пракуратуру Германіі аб учыненых Лукашэнкам «злачынствах супраць чалавечнасці». Гэта прадугледжвае магчымасць пачынаць крымінальныя справы ў іншых дзяржавах, незалежна ад тэрыторыі злачынства і таго, кім яны здзейсненыя.

Іншымі словамі, праз універсальную юрысдыкцыю магчыма прыцягваць да крымінальнай адказнасці за злачынствы, забароненыя міжнародным правам, у тым лiку ў іншых дзяржавах.