Цяпер чырвона-зялёных сцягоў стане больш?
У другім чытанні Палата прадстаўнікоў прыняла папраўкі ў закон аб дзяржаўных сімвалах. Цяпер у законе заклікаюць пашыраць выкарыстанне чырвона-зялёнага сцяга — аж да сямейных святаў
На пасяджэнні чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў у другім чытанні былі прынятыя папраўкі ў Закон "Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь", паведамляе www.sb.by. Першае чытанне адбылося ў траўні.
— У праект закона ўключаны нормы па пашырэнні выкарыстання дзяржаўнага сцяга Беларусі падчас дзяржаўных святаў і святочных дзён, спартыўных спаборніцтваў, спартыўна-масавых, культурна-відовішчных і іншых масавых мерапрыемстваў, урачыстых мерапрыемстваў, народных, працоўных, сямейных святаў, у іншыя памятныя даты і ў іншых выпадках, у тым ліку без выкарыстання дрэўка (флагштока). Умова ранейшая — забеспячэнне неабходнай павагі да Дзяржаўнага сцяга Беларусі, — распавёў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Віктар Свіла.