«Цяжка даказваць што белае — гэта белае». У Мінску вынеслі прысуд айцішніку Андрэю Пазняку

У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 5 лютага абвешчаны прысуд 28-гадоваму айцішніку Андрэю Пазняку. Яго абвінавацілі па крымінальным артыкуле за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт 342 КК РБ).

Андрэй Пазняк. Фота прадастаўлена "Вясны" яго дзяўчынай Кацярынай

Андрэй Пазняк. Фота прадастаўлена "Вясны" яго дзяўчынай Кацярынай

Справу разглядала суддзя Алена Жывіца.

Андрэя Пазняка затрымалі 11 жніўня на выхадзе з цырульні і даставілі ў Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Праз два дні, 13 жніўня, дзяржаўныя СМІ выпусцілі відэасюжэт "Беспарадкі ў Беларусі: затрыманыя некалькі каардынатараў акцый пратэсту — яны даюць паказанні", дзе паказалі Андрэя:

"Затрыманыя некалькі каардынатараў ў сталіцы. Адзін са стратэгаў стыхійных акцый арганізаваў штаб на 17-м паверсе гасцініцы "Беларусь". Адтуль ён з трыма памочнікамі, як мяркуе следства, кіраваў сотнямі пратэстоўцаў. З падазраваным працуюць следчыя".

Адвакат Андрэя Павел Піваварчык настойваў, што відэа было запісана пасля збіцця і пад ціскам.

"Пасля затрымання і дастаўлення ў будынак ГУБАЗіК МУС на вуліцы Рэвалюцыйнай, 3, некалькі чалавек яго збілі, потым уключылі відэакамеру і патрабавалі, каб ён прызнаўся, што арганізоўваў і ўдзельнічаў у масавых беспарадках. Здымалі чатыры разы, кожны раз удакладнялі, што ён павінен сказаць. У выніку запісалі нейкія ролікі і больш ніякіх дзеянняў з ім не праводзілі".

19 жніўня праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Андрэя палітвязням і запатрабавала неадкладнага яго вызвалення.

На судовае паседжанне 5 лютага не з’явіўся сведка па справе Самсонік. Суддзя прапанавала працягваць паседжанне без яго. Пагадзіліся.

Адвакат пытаецца ў Пазняка:

— Учора зачытвалі заключэнне судмедэкспертызы — дзе і калі вам былі нанесеныя гэтыя траўмы?

— Адзінаццатага жніўня ў будынку ГУБАЗіК на Рэвалюцыйнай 3.

 — Вас збівалі да або пасля відэазапісу, зробленага супрацоўнікамі ГУБАЗіК?

— Падчас.

— Хто збіваў, ведаеце?

— Не.

Суддзя ўдакладняе, ці падавалі заяву па факце збіцця? Адвакат кажа што падавалі 4 разы. Але заявы разглядаюць тыя супрацоўнікі, якія і збівалі.

 

Андрэй Пазняк у судзе. 5 лютага 2021 года.

Андрэй Пазняк у судзе. 5 лютага 2021 года.

Далей суд прыступіў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы.

Пракурор пералічвае: айфон з сім-картай; флэшка з запісам па месцы пражывання за перыяд з 09.08 па 11.08; дыск з аператыўным відэа; дыск са злучэннямі тэлефоннай сувязі аператара МТС

Абвінаваўца кажа, што віна Пазняка па ч. 1 арт. 342 даказаная цалкам, Пазняк у ноч з 9 на 10 жніўня знаходзіўся ў раёне Стэлы; сведкі пацвердзілі ягоны ўдзел (Грышчанка, Філімонаў не дакладна, Самасюк); змякчальных і абцяжарвальных абставінаў не ўстаноўлена.

Патрабуе прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежаванне волі на 3 гады, залічыць пры гэтым тэрмін знаходжання пад следствам, спагнаць сумы выдаткаў на экспертызы, арышт з аўтамабіля зняць.

Адвакаты звяртаюць увагу на грубыя працэсуальныя парушэнні: памылкі ў матэрыялах аператыўна вышуковай дзейнасці — санкцыя на праслухоўкі тэлефона ад 11 жніўня, а праслушка пачалася раней. Усе довады і доказы, якія прагучалі ў судзе — недапушчальныя. Відэазапіс зроблены з парушэннямі. Множныя цялесныя пашкоджанні ў Пазняка зафіксаваныя толькі праз 20 дзён. Таму Андрэй Пазняк павінен быць апраўданы.

Апошняе слова Андрэя Пазняка

— Доказы маёй віны — гэта асабістыя званкі, паведамленні і сведкі. Трэба даказаць, што я нешта рабіў. Але цяжка даказваць што белае — гэта белае, бо яно і ёсць белае, а вы дакажыце, што яно чорнае.

Мае асабістыя гутаркі — і гэта незаконна было праслухана. Вазьміце любога чалавека і яго асабістыя размовы, можна ў кожнага знайсці шмат артыкулаў. Прашу мяне апраўдаць.

Суддзя Алена Жывіца агучвае прысуд: тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Андрэя Пазняка адпускаюць з-за кратаў да ўступлення прысуду ў сілу, альбо абскарджвання прысуду.

spring96.org