«Амапаўцы казалі, што калі б была іх воля, то жыўцом спалілі ўсіх мітынгоўцаў»
Чэмпіён свету і Еўропы па цяжкай атлетыцы сярод юніёраў Казімір Фіцнер падзяліўся меркаваннем аб сілавіках у Беларусі.
— Вы напэўна чулі жахлівыя гісторыі пра здзек на Акрэсціна і ў Жодзіна. У Лельчыцах такога і блізка не было?
— Вядома, тут усё спакойна. А Акрэсціна ... Гэта жах. Я з адным сябрам неяк ездзіў у Мінск, трэба было падаць дакументы на польскую візу (хацелі паехаць у Польшчу на падпрацоўку), і сустрэліся са знаёмымі пацанамі з Мінска. Яны нам розныя жахі расказвалі. Мы ўсе задаваліся пытаннем: «Навошта простых людзей, якія выйшлі на вуліцы, каб мірна выказаць свой пункт гледжання, забіваць і калечыць?» Наогул незразумела. А яшчэ прыдумляюцца нейкія крымінальныя справы. На майго знаёмага, напрыклад, завялі справу за тое, што ён нібыта ўдарыў супрацоўніка АМАПу. Невядома, чым усё скончыцца.
У Лельчыцах жа жорсткасці асаблівай не было, у большай ступені такія эканамічныя рэпрэсіі. Напрыклад, прэсуюць прыватнікаў, закрываюць іх гандлёвыя кропкі фактычна ні за што, па выдуманых прычынах. Дык пра што гаварыць, калі цяпер ты можаш выйсці на вуліцу ў касцюме Дзеда Мароза, і скажуць, што ты праводзіш акцыю, пасадзяць за гэта? А потым па ТБ расказваюць, што была спынена несанкцыянаваная акцыя. І некаторыя людзі вераць, таму што іх па тэлебачанні проста замбіруюць. Хіба гэта нармальна?
Але ёсць і прыклады таго, як людзі мяняюць сваё меркаванне. Маёй цётцы ўжо шмат гадоў, у яе толькі 40 гадоў педагагічнага стажу ў пачатковай школе, і яна нядаўна атрымала нармальны тэлефон, які дазваляе выходзіць у інтэрнэт. Раней яна казала, каб я не хадзіў на мітынгі, таму што дагуляюся, адбяруць у мяне арэнднае жыллё. Трэба, маўляў, сядзець спакойна і прымаць усё, як ёсць. Але потым я ёй паказаў гісторыі з Акрэсціна, яна прачытала, як там з людзей здзекаваліся, і цалкам памяняла сваё меркаванне аб уладзе, аб дзяржаве. Яна жахнулася. Я сам не разумею, як так можна рабіць з простымі людзьмі. Ці нейкія амапаўцы гаварылі, што калі б была іх воля, то жыўцом спалілі ўсіх мітынгоўцаў. Як так можна казаць? Што ты ўжываеш, каб так думаць? — сказаў Фіцнер.
Маршы за свабоду праходзілі ў тым ліку ў Лельчыцах, дзе пражывае крыху больш за 11 тысяч чалавек. У раённым цэнтры Гомельскай вобласці былі і акцыі, і маршы, не абышлося і без затрыманьняў.
Шэсць сутак за ўдзел у жнівеньскіх пратэстах адседзеў мясцовы жыхар Казімір Фіцнер. 30-гадовы хлопец цяпер працуе ў кампаніі, якая займаецца рытуальнымі паслугамі, а ў мінулым быў вядомым і тытулаваным цяжкаатлетам. У 2009 годзе беларус стаў чэмпіёнам свету сярод юніёраў у вагавой катэгорыі да 77 кг, у тым жа годзе ён узяў золата на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы. Перад спартсменам маячыла вялікая будучыня, аднак у 23 гады ён завяршыў кар'еру з-за рознагалоссяў з трэнерамі, грамадзянскай пазіцыі і «таму што задаваў нязручныя пытанні».
Тым не менш нядаўна Казімір падпісаў ліст свабодных спартсменаў, каб выказаць салідарнасць з беларускім народам.
Паводле «Трыбуны»