«Чалавек трапіў у турму — трэба за яго змагацца!»
Праграміст Аляксей Караткоў выйшаў на волю, цалкам адбыўшы ўвесь свой тэрмін, сёлета 10 сакавіка. Ён адразу пакінуў Беларусь і цяпер знаходзіцца ў бяспецы. Як прайшлі ягоныя паўтара года ў зняволенні, як ён даведаўся пра вайну і як яе ўспрынялі зняволеныя, ці варта маўчаць пра рэпрэсіі супраць блізкіх, што пісаць і чаго пазбягаць у лістах палітвязням — Аляксей распавёў «Вясне».
ІЧУ на Акрэсціна — СІЗА-1 — СТ-8 Жодзіна — СІЗА-1 — СІЗА-6 Баранавічы — калонія «Воўчыя норы» — гэта маршрут палітзняволенага CEO-распрацоўшчыка стартапа MakeML Аляксея Караткова за амаль паўтара года. Яго затрымалі ў канцы жніўня 2020-га каля Чырвонага касцёла і арыштавалі на восем сутак. За гэты час у ягоным тэлефоне знайшлі фота і відэа з пратэстаў, за якія яму і выставілі абвінавачванне паводле двух «пратэсных» артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Пасля гучнага суда Аляксея асудзілі да двух гадоў калоніі.
«У мяне была магчымасць пачысціць тэлефон, але мне стала шкада відэа»
Падчас пратэстаў у 2020 годзе Аляксея затрымлівалі ў адміністрацыйным парадку двойчы. Першы раз гэта адбылося 28 ліпеня каля будынка КДБ, калі там утварылася чарга з ахвотнікаў падаць хадайніцтва за змену меры стрымання Віктару Бабарыку. Тады Караткова адпусцілі без складання пратаколу. Другі раз яго затрымалі 27 жніўня на плошчы Незалежнасці, побач з Чырвоным касцёлам. Тады Аляксея арыштавалі на восем сутак, але на волю ён так і не выйшаў — яму выставілі абвінавачванне паводле арт. 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі). Аляксей распавёў, як яго затрымлівалі і як ён зрабіўся фігурантам крымінальнай справы:
«Затрымлівалі вельмі мякка. Плошчу з усіх бакоў перакрылі. Людзей было няшмат. Таму мы самі прайшлі ў аўтазакі. У мяне нават была магчымасць пачысціць тэлефон, але мне стала шкада відэа, таму што я не паспеў іх перакінуць. Я падумаў, што нічога страшнага, пасяджу «суткі», затое відэа захаваюцца. Але выйшла інакш. У РУУС пасля агляду тэлефона яго адклалі ў бок. Усіх сукамернікаў на ЦІП Акрэсціна выклікалі на прафгутаркі, а мяне — не. Тады ўпершыню я пачаў разумець, што будзе штосьці сур'ёзнае.
Насамрэч, Акрэсціна я больш за ўсё запомніў з усіх месцаў знаходжання. Там самы моцны смурод. У турме лягчэй сядзець, чым на «сутках». Умовы лягчэйшыя, ты сам прыстасоўваешся, абжываешся. Цяпер дык наогул на Акрэсціна камеры перагружаюць, не даюць матрацы. Калі я там быў у канцы жніўня 2020-га, такога не было. Мы, калі чыталі гэтыя навіны [пра ўтрыманне ў ЦІП і ІЧУ Акрэсціна], то жахаліся.
У дзень вызвалення пасля адміністрацыйнага арышту мяне вывезлі за браму на міліцэйскай газэлі. Дзверы адчыніліся — а там мяне чакалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Мы паехалі на ператрус у маю кватэру і ў машыну».
«На «пакаяльным» відэа ў мяне атрымалася сказаць так, што мяне не паказалі»
Пасля ператрусу Аляксея павезлі ў ГУБАЗіК. Там з ім запісалі традыцыйнае «пакаяльнае» відэа, аднак на праўладных каналах яно так і не з'явілася:
«Яны мне напісалі спіс тэм, пра якія я павінен сказаць. Але я разумеў, што трэба казаць, каб у іх не было жадання паказваць мяне. У мяне атрымалася сказаць так, што мяне не паказалі [у тэлеграм-канале і на ТБ]. Я казаў штосьці кшталту, што было парушэнне маіх правоў, правоў іншых грамадзян і было б няправільна, калі б я не хадзіў. Ніякіх шкадаванняў я не выказваў. Не ва ўсіх людзей, вядома, была потым такая магчымасць…».
«На «Валадарцы» было лягчэй за ўсё сядзець»
На момант затрымання Аляксея ў Беларусі налічвалася толькі 49 палітвязняў (цяпер гэтая лічба вырасла амаль у 24 разы), таму ў СІЗА іх намагаліся ўтрымліваць у розных камерах, каб «палітычныя» не перасякаліся. Каля пяці месяцаў Аляксей утрымліваўся ў СІЗА-1, пяць месяцаў — у Жодзіне, тры месяцы — у СІЗА Баранавічаў. Адразу праграміст знаходзіўся на «Валадарцы» з людзьмі, якія былі затрыманыя паводле цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса: за забойства, наркотыкі. Аляксей там стаў сведкам суіцыду сукамерніка:
«Да нас падсялілі ўзбека, які выкінуў маленькую дачку з акна. Ён ні з кім амаль не размаўляў. Праз некалькі дзён ён уначы абрэзаў провад на кіпяцільніку, паклаў правады на язык і ўключыў яго ў разетку. Мы, калі знайшлі яго каля 4-й раніцы, пачалі грукаць у дзверы і клікаць медыкаў, але 40 хвілін мы не маглі дачакацца, каб нам дзверы адчынілі. Калі прыйшлі, то ў яго ўжо не было пульсу. Напэўна, ён памёр».
Другі раз Аляксей знаходзіўся ў камеры, дзе ўтрымліваюцца асуджаныя зняволеныя з захворваннямі з усёй Беларусі, напрыклад, з анкалогіяй, ці каму патрэбная аперацыя. Такіх камер у СІЗА-1 пяць, у іх знаходзіцца каля 45 чалавек
«Гэтыя камеры называюцца «рэспубліканскай бальнічкай» — амаль як хоспіс. Туды вязуць зняволеных, якія адбываюць пакаранне, калі ў іх сур'ёзныя хваробы. Раз-два на тыдзень там хтосьці паміраў.
У «рэспубліканскай бальнічцы» ўмовы ўтрымання, канечне, былі лепшыя за мае: я мог ляжаць цэлы дзень, у нас былі ложкі накшталт «пярыны», харчаванне лепшае, хворым давалі малако, і яны мяне часта частавалі.
На «Валадарцы», напэўна, было лягчэй за ўсё сядзець. Я намагаўся чымсьці сябе заняць: кніжкі чытаў, ангельскую вучыў, на лісты адказваў».
Турма ў Жодзіне Аляксею запомнілася толькі тым, што там затрымлівалі лісты:
«Затрымлівалі на месяц на атрыманне і на паўмесяца на адпраўку. Пакуль твой адказ на ліст дойдзе — ужо ўсё 10 разоў памяняцца паспее».
«Думаў, што мне дадуць пяць гадоў — у Мінску ўсім як пад капірку давалі па пяць гадоў»
Крымінальную справу супраць Аляксея Караткова паводле ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках) і ч. 1 арт. 342 КК (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадзянскі парадак) разглядаў сумна вядомы суддзя Першамайскага раёна Максім Трусевіч. Суд доўжыўся амаль паўтара месяца. За гэты час прызначылі дадатковую экспертызу, дэпутатка Бундэстага Германіі накіравала зварот суддзю, а той у адказ ініцыяваў праверку з нагоды ўмяшання ў судовую дзейнасць, Аляксей адмовіўся даваць паказанні і выступіў з моцнай прамовай, а пракурорка адмовілася ад абвінавачвання паводле ч. 2 арт. 293 КК. Але пры гэтым Аляксей кажа, што тады нават не спадзяваўся на тое, што яго могуць выпусціць на волю ў выніку судовага разгляду:
«Наогул я думаў, што мне дадуць пяць гадоў. У мяне ж была ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса, а па ёй у Мінску ўсім давалі, як пад капірку, па пяць гадоў».
Аляксей расказаў, чаму ён вырашыў адмовіцца даваць паказанні, і адзначае, што гэта было правільнае рашэнне:
«Я з пачатку следства трохі даў паказанняў, таму што адвакат сказаў. Ён да мяне прыйшоў і кажа: «Трэба ў кожным разе штосьці казаць. Ты ж разумееш, што сябры і сям'я нанялі мяне, і лепш даць сведчанні». Але лепей сапраўды не было. Заўсёды лепш маўчаць, а яны хай даказваюць і прызначаюць экспертызы. Лепей ад таго, што ты штосьці скажаш, не будзе».
«Аператыўны работнік выкурвае тры цыгарэты і не разумее, што рабіць»
У сувязі з пачаткам судовага працэсу над палітвязнем Аляксеем Каратковым дэпутатка Бундэстага Германіі Табеа Рэснер звярнулася да суддзі Максіма Трусевіча. Яна заклікала яго правесці справядлівы судовы працэс з выкананнем законнасці. У адказ на гэта суддзя адправіў ейны зварот у міліцыю, расцаніўшы гэта як «умяшанне ў працу суда». Была распачатая праверка:
«Гэта было забаўна, што Трусевіч праверку прызначыў. Да мяне на «Валадарку» прыйшоў аператыўны работнік. Ён чытае нейкую паперку, выкурвае тры цыгарэты і не разумее, што рабіць. Пытаецца, ці ведаю я гэтую грамадзянку [Табеа Рэснер]. Яны там распачалі праверку, але незразумела якую і незразумела пра што. Гэты опер проста не разумеў, што яму трэба рабіць. Я тады таксама адмовіўся ад дачы паказанняў.
Я ўспрыняў гэты зварот як падтрымку».
Аляксей — пра сваю прамову ў судзе: «Напісаў за паўгадзіны пасля адбою ў турме»
На судзе Аляксей не прызнаў віну і адмовіўся даваць паказанні. Замест гэтага ён выступіў з моцнай прамовай, у якой узгадаў свайго прадзеда Лук'яна. У гады Другой сусветнай вайны таму прапанавалі супрацоўнічаць з фашыстамі, але Лук'ян зламаў стрэльбу і ўцёк да партызанаў. А потым з Чырвонай арміяй дайшоў да Берліна.
«Як дзед Лук'ян дачакаўся перамогі над фашызмам, гэтак і я дачакаюся перамогі над беззаконнем і несправядлівасцю», — скончыў тады свой выступ на судзе палітвязень.
Аляксей распавёў, як рыхтаваў прамову і чаму яму важна было выступіць з ёй:
«Я думаў шмат, але напісаў прамову за паўгадзіны пасля адбою ў турме Жодзіна за два тыдні да суда. Памятаю, я вельмі баяўся, што ў мяне забяруць яе. А вывучыць на памяць чамусьці не выходзіла. Я перапісаў прамову на некалькі аркушаў. Адну копію я хацеў перадаць адвакату на выпадак таго, калі перад судом у мяне яе забяруць. Я перажываў, што мне не дадуць яе сказаць у судзе, таму я намагаўся яе выбудаваць так, каб у ёй гучалі словы, «прымальныя суду», амаль да апошняга моманту.
Мне не хацелася даваць паказанні ў судзе і адказваць на пытанні пракурора. Таксама мне хацелася перадаць настрой, што турма — гэта наогул не самае страшнае. Столькі людзей баяцца турмы, і праз гэта ў нас такая страшная сітуацыя ў краіне. Я імкнуўся і ў лістах даносіць гэтыя настроі. Так, там не самыя прыемныя рэчы адбываюцца, але не ўсё так крытычна».
«Не будзе чалавеку, які трапіў у турму, яшчэ горш»
У сувязі з гэтымі падзеямі суд над Аляксеем прайшоў досыць гучна. Яго асудзілі да двух гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Хлопец упэўнены, што калі чалавек трапіў у турму, то за яго трэба змагацца. Паводле Аляксея, усе дзеянні на волі ўздзейнічаюць на лёс зняволенага:
«Уплывае, напэўна, усё, але як — пытанне. У мяне ўплывала тое, што шмат людзей да мяне на суд прыходзіла, што пра мой суд пісалі розныя СМІ.
Але, калі казаць, як правільна, то гэта, вядома, правільна. Чалавек трапіў у турму — трэба за яго змагацца! Але нават сям'я кажа, што «нічога не рабіце, яму горш толькі будзе». Не! Гэта, па сутнасці, перамовы з тэрарыстамі. Не будзе чалавеку, які трапіў у турму, яшчэ горш. Трэба паказваць, што яго не кінулі.
Я памятаю на адным з маршаў у жніўні 2020 года, калі мы ішлі з Плошчы Незалежнасці на Акрэсціна, то сустрэлі Макса Каржа на матацыкле. І ён кажа, што не трэба правакаваць і злаваць іх [супрацоўнікаў ЦІП і ІЧУ]. Як такое наогул можна казаць? Для мяне гэта незразумела. Цяпер мы бачым, да чаго прывяла пазіцыя "лепш не злаваць"».
«Вы мне кайданкі самі зашпілілі — як я вазьму адразу чатыры сумкі?»
За год і сем месяцаў Аляксей перажыў пяць этапаў у ізалятары, турму, калонію. Былы палітвязень расказаў, як на практыцы выглядалі ягоныя пераезды:
«Калі мяне везлі з «Валадаркі» ў Баранавічы, у мяне былі чатыры вялікія сумкі (каля 50 кілаграм). Я папрасіў начальніка канвою, каб ён дазволіў іншым зэкам дапамагчы мне паднесці сумкі, але ён сказаў: «Не, мала таго, што сам усё панясеш, дык яшчэ і ў кайданках». Проста самае цікавае, што ў кайданках я не мог узяць больш за дзве сумкі. Памятаю, пад'ехалі да цягніка — наш прычапны вагон да пасажырскага цягніка. І ім трэба ўсё хутчэй зрабіць, а я хаджу і па адной сумцы нашу. Яны штосьці крычаць, сабакі брэшуць, а я кажу: «Дык а што я магу зрабіць? Вы мне кайданкі самі зашпілілі — як я вазьму адразу чатыры сумкі?» Я разумею, што яны мне нічога не зробяць. Гэта мае асабістыя рэчы, чаму я павінен іх пакідаць? Кайданкі больш дыскамфорту прынеслі канваірам. Я стаміўся, вядома, але нічога страшнага».
Ужо ў СІЗА Баранавічаў Аляксей аддаў бацькам каля 15 кілаграм лістоў і зімовыя рэчы, таму этап у калонію быў лягчэйшы.
У калоніі за ўвесь час Аляксей зарабіў толькі восем рублёў
У папраўчай калоніі №22 Аляксей займаўся тым, што разбіраў медныя правады:
«Прывозілі медныя кабелі дыяметрам пяць сантыметраў, а мы іх разбіралі на складальныя часткі».
За пяць месяцаў Аляксей змог зарабіць у калоніі каля васьмі рублёў. Для параўнання: да зняволення ён мог зарабляць да трох тысяч долараў на месяц.
«Каб хтосьці пашкадаваў праз тое, што сеў у турму, — я не сустракаў такога»
Цяпер у ПК №22 знаходзяцца 39 палітвязняў. Але, паводле Аляксея, у «Воўчых норах» адбываюць тэрміны паводле палітычных прысудаў больш зняволеных. Забаронаў на зносіны паміж сабой палітвязні не маюць. Аляксей адзначае, што яны імкнуцца не падаць духам: «Кагосьці больш ахутвае маркота, кагосьці менш»:
«Але каб хтосьці пашкадаваў праз тое, што ён сеў у турму, — я не сустракаў такога ні ў каго. Ні разу я не чуў: «Дарма я гэта зрабіў». Некаторыя больш перажываюць праз сям'ю ці іншыя акалічнасці. Калі цяпер некаторыя кажуць, што трэба аказваць матэрыяльную дапамогу Украіне, то я ўзгадваю палітвязняў, 90% сем'яў якіх не атрымліваюць аніякай матэрыяльнай дапамогі. 70-80% не атрымлівалі і раней такой дапамогі. Гэта адбываецца і праз тое, што сем'і баяцца расказаць, атрымаць дапамогу, ці праз тое, што пра кагосьці забыліся напісаць. Як тут дапаможаш, калі сем'і баяцца? Думаю, ва Украіне з гуманітарнай дапамогай будзе такая самая сітуацыя».
У «Воўчых норах» утрымоўваецца палітзняволены жыхар «Плошчы Перамен» Сцяпан Латыпаў. Паводле Аляксея, ён «трымаецца малайчынам». Караткоў быў у адной секцыі з палітвязнем Дзмітрыем Дубковым:
«Мы збіраліся і чыталі лісты людзей, якія пісалі, як ім файна адпачываецца. І смяяліся з гэтага».
«Нармальна не можаш пачытаць кнігу ці напісаць ліст»
Як заўважае Аляксей, стаўленне да «палітычных» і «звычайных» зняволеных адрозніваецца, пачынаючы з таго, што ўсіх палітвязняў ставяць на прафілактычныя ўлікі:
«Гэта значыць, што на працягу дня будуць дадатковыя праверкі. Кантралёры прыходзяць нават на прамзону і адзначаюць, ці на месцы «прафулік». Памятаю, былі выхадныя, калі правяралі сем разоў за дзень. Ты нармальна не можаш пачытаць кнігу ці напісаць ліст. У гэтым нічога страшнага няма, але гэта непрыемна і злуе. Акрамя гэтага, у «палітычных» часцей ладзяць ператрусы».
Адмысловага стаўлення «звычайных» зняволеных да палітвязняў Аляксей не заўважыў.
«Лісты ў турме — ледзь не адзінае, што давала добрую эмоцыю»
Аляксей распавядае, што за паўтара года яму прыйшло каля паўтары тысячы лістоў і каля 350 паштовак. Ён раіць, што лепш пісаць у лістах і чаго лепш унікаць:
«Першы год (з верасня 2020 па верасень 2021 года) з лістамі і падтрымкай усё было нармальна. Потым было такое, што сябры і знаёмыя пачалі пісаць, як яны файна дзесьці адпачылі — і ўсё. Не, каб якіх-небудзь тэхналагічных навін напісаць, фактаў якіх-небудзь цікавых. Я разумею, што звычайных навін скінуць не атрымаецца, але іншае штосьці можна.
Праз год у мяне склалася ўражанне, што ў людзей знікла разуменне, куды яны пішуць лісты. Я, вядома, быў рады за сяброў, калі яны добра бавяць час і адпачываюць. Але, калі яны больш ні пра што не пішуць, то гэта пачынала злаваць. Напрыклад, прыйшло пяць лістоў і ў кожным мне пішуць, якое цёплае лета і якая цёплая вадзічка. Ты думаеш: «Так, няблага, хлопцы».
Наогул лісты ў турме — ледзь не адзінае, што давала добрую эмоцыю. Мне, канечне, цяпер цяжка прыгадаць свае пачуцці, якія былі год назад. Але гэта было радасна штораз».
Аляксей раіць пісаць у лістах пабольш навін (у залежнасці ад інтарэсаў зняволенага), рэбусы, шарады:
«Вось гэта цяпер было б супер!»
«У першы дзень вайны мне было страшна»
Пра поўнамаштабнае ўварванне расійскіх войскаў ва Украіну Аляксей дазнаўся раніцай 24 лютага:
«У першы дзень вайны мне было страшна. Потым я супакоіўся: я глядзеў навіны і аналізаваў. У рускіх навінах адразу распавядалі, як яны ўзялі нейкае ўкраінскае сяло, і ты разумееш, што ніякіх сур'ёзных гарадоў яны ўзяць не могуць. Я разумеў, што ў кожным разе ўкраінцы не пакорацца. Праз дзён восем яны ўжо перасталі паказваць нават «узятыя сёлы». Нібыта тры гадзіны навіны ідуць, але навінаў у іх няма. Нават стала нецікава глядзець іх, таму што ў іх не было ніякай інфармацыі.
У рускія навіны часам устаўляюць вытрымкі з сюжэтаў BBC, дзе захоўваўся арыгінальны «бягучы радок». З гэтага можна было атрымаць трошкі навінаў».
«У першы дзень вайны зэкі казалі: "Путин красавчик"»
«У калоніі я пабачыў дзеянне прапаганды на практыцы. Там зусім няма альтэрнатыўнай крыніцы інфармацыі ў зняволеных. Зразумела, што стаўленне да ўлады напружанае ў іх, але ў першы дзень вайны, калі ў тэлевізары былі толькі рускія навіны, то зэкі казалі: «Путин красавчик». Мяне гэта так шакавала. Былі хлопцы, з якімі мы шмат у чым сыходзіліся ў меркаванні — а потым яны такое выдаюць...
У першыя дні вайны я не мог нават з імі паспрачацца з гэтай нагоды. Калі яны збіраліся па 3-5 чалавек, то настолькі былі захоплены і ўзбуджаны абмеркаваннем, што было складана ўставіць туды свае «пяць капеек». Трохі часу мінула і яны пачалі астываць. Я ім паказваў неадпаведнасці ў навінах, а яны спрачаліся: «Не мог жа Пуцін так памыліцца». Праходзіць час — людзі цверазеюць».
«Апошнія тыдні мне не верылася, што я хутка вызвалюся»
10 сакавіка Аляксей выйшаў на волю з папраўчай калоніі №22. Ён адбыў цалкам свой тэрмін::
«Вызваленне, канечне, выглядае не як у фільмах: няма такога, што дзверы адчыніліся і ты пайшоў на волю. Мяне вызвалілі, але потым мне яшчэ трэба было ісці на склад па рэчы. А потым яшчэ трэба было даведку забраць пра вызваленне. Нібыта ты ўжо вольны, але не зусім яшчэ.
Апошнія тыдні мне не верылася, што я хутка вызвалюся. Проста не верылася. Я разумеў, але ўсвядоміць гэтага не мог».
Аляксей расказвае, што ў яго быў спіс справаў, пра якія ён марыў за кратамі:
«Мне вельмі хацелася прыняць ванну, але атрымалася гэта толькі на дзясяты дзень на волі. Але гэта аказалася не так прышпільна, як меркавалася».
«Перамога дакладна ў нас будзе»
Аляксей цяпер не шкадуе, што яму выпала прайсці ўвесь гэты шлях. Ён упэўнены, што гэта яшчэ не канец, але цяпер былы палітвязень трошкі разгублены. На пачатку гутаркі Аляксей сказаў, што ён адчувае, што «страціў не толькі дом, але і ідэнтычнасць»:
«Я гэта [удзел у акцыях пратэсту] рабіў не дзеля кагосьці, а рабіў дзеля сябе. Як я сябе буду адчуваць, калі бачу, што няправільнае, а я ніяк не перашкоджу гэтаму? Зразумела, што мне будзе дрэнна і некамфортна. Мне прыходзіла шмат лістоў з апісаннем таго, як людзі адпачываюць за мяжой і як ім цудоўна. А мне было больш камфортна ў турме, я пачуваўся там спакайней, чым цяпер у бяспецы і на волі.
Перамога дакладна ў нас будзе. Цяпер трэба рабіць усё, каб дапамагаць Украіне. Пасля вайны ў Расіі сапраўды зменіцца ўлада. І толькі пасля гэтага змяніцца сітуацыя ў Беларусі. Свабода Беларусі залежыць ад свабоды Расіі».