Насту Дашкевіч збіраюцца судзіць разам з мужам-палітвязнем
Сёння, 29 красавіка, Насце Дашкевіч паведамілі, што яна з’яўляецца падазраванай паводле «народнага» артыкула 342 ч.1 КК
Пра гэта Наста Дашкевіч паведаміла на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Яна напісала, што сёння яе выклікалі ў Следчы камітэт. Вынікам паходу стала тое, што цяпер яна — падазраваная паводле ч.1 342 Крымінальнага кодэкса — “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”.
“Калісьці я давала Змітру клятву, што буду з ім і ў горы, і ў радасці. Канешне, я не думала ў гэты момант, што пад гэтымі словамі будзе ў тым ліку адное судовае паседжанне, дзе нас будуць разам судзіць. Але так сталася. Сітуацыя, канешне, дзікая...”, — напісала Наста Дашкевіч.
Цяпер Зміцер Дашкевіч знаходзіцца ў зняволенні і прызнаны палітвязнем. Зміцер быў затрыманы 23 сакавіка пасля ператрусу ў кватэры. Яго арыштавалі на 15 сутак нібы па адміністрацыйнай справе, але не адпусцілі, а потым завялі яшчэ і крымінальную справу.