Дачку вядомага лыжніка адхілілі ад удзелу ў спаборніцтвах за пазіцыю бацькі

Сяргей Далідовіч: «Гэта чыстай вады палітычны ціск на мяне праз дачку».

download_259.jpg

Вядомы беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч, які звольніўся з нацыянальнага трэнерскага цэнтру, напярэдадні свайго адʼезду з Беларусі распавёў расійскай службе «Радыё Свабода» пра ціск за сваю грамадзянскую пазіцыю і сітуацыю ў беларускім спорце.
11 студзеня беларускія лыжніцы Дарʼя Далідовіч і Святлана Андрыюк распавялі, што іх адхілілі ад удзелу ў кваліфікацыйных спаборніцтвах і нацыянальных зборах, якія маглі б ім дазволіць узяць удзел у міжнародных спаборніцтвах, у тым ліку Алімпіядзе ў Пекіне.
Андрыюк заявіла, што чыноўнікі абвінавацілі яе ў тым, што яна — прыхільніца апазіцыі. Прычынай адхілення 17-гадовай Дарʼі Далідовіч стала грамадзянская пазіцыя яе бацькі і трэнера Сяргея Далідовіча.
Далідовіч удзельнічаў у пратэстах, неаднаразова выказваўся супраць гвалту, падпісаў ліст за сумленныя выбары, абараняў нацыянальную сімволіку і падтрымліваў палітвязняў. З таго часу ў яго ўзніклі сталыя праблемы з доступам да спаборніцтваў.
Далідовіч распавёў «Радыё Свабода», што быў здзіўлены тым, што ягоную дачку адхілілі ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах і нацыянальных зборах. Далідовіч лічыць, што яны ў прынцыпе не мелі на гэта права.
«Я лічу, што гэта чыстай вады палітычны ціск на мяне праз дачку. Я не думаю, што былому старшыні НАК канкрэтна ёсць справа да мяне ці маёй дачкі, гэта на сумленні спартовых службоўцаў, у якіх у руках гэтыя рычагі. Я не ведаю іх матываў: выслужыцца ці паказаць, якія яны строгія? Любы чалавек, які ў складзе федэрацыі, павінен мець права выйсці на старт – вось што я ведаю. Нас дыскваліфікаваў не адзін старшыня федэрацыі, а была трэнерская рада, на якой людзі прагаласавалі. Хлопцы, якія былі ў камісіі, нясуць адказнасць за падлік галасоў».
Далідовіч кажа, што не хвалюецца за спартовую будучыню дачкі.
«У выпадку з Дар’яй відавочна, што яна не будзе чакаць год, пакуль чыноўнікі зробяць ласку ёй падпісаць дакументы. Ці я, ці яна павінны пайсці і папрасіць прабачэння. Я не лічу магчымым прасіцца назад. У яе ўсё наперадзе, яна толькі тры няпоўныя гады займаецца лыжамі. Ёй у снежні споўнілася 17. У яе выпадку я менш за ўсё хвалююся за яе спартыўную будучыню», – падкрэсліў ён.
На пытанне журналіста, ці адчуваецца адток людзей у лыжным спорце, Далідовіч адказаў:
«У нас у лыжным спорце і бегаць няма каму па вялікім рахунку. Няма развіцця, як і ва ўсім. Поўны заняпад. Каб вы разумелі, у нас ад Менска заяўляюць паралімпійцаў, каб яны прабеглі на чэмпіянаце краіны. Не могуць нават квоты закрыць. Пра што гэта гаворыць? Што проста няма лыжнікаў. Цяпер на чэмпіянаце бегла ўсяго пяць юніёраў. Усяго 12 чалавек выйшла на старт. Калі браць людзей, якія выступалі па ліцэнзіях на мінулых Алімпіядах, іх усё менш. На гэтай Алімпіядзе дай Бог каб чатыры набраліся».