ДАІшнік душыў мужчыну, які замахнуўся на яго — мясцовыя заступіліся (відэа)
Мужчына пасля канфлікту з ДАІ быў шпіталізаваны, выжыў. Суполка «Пинск ГАИ» сцвярджае, што ён з рэанімацыі пераведзены ў ізалятар часовага ўтрымання, паведамляе «Радыё Свабода».
Youtube-канал zello pinskgai апублікаваў 26 жніўня шэраг відэа бойкі супрацоўніка ДАІ з мужчынам. Паводле каналу, інцыдэнт адбыўся 26 жніўня каля рынку на вуліцы Зорнай.
На адным з відэа чуваць, што мужчына неаднаразова патрабуе ад чалавека ў форме ДАІ паказаць дакументы, той адмаўляецца (хоць па законе абавязаны). Пасля адмовы мужчына замахваецца на чалавека ў форме кулаком, спрабуе ўдарыць.
ДАІшнік скручвае мужчыну, пачынае душыць яго. Паводле каналу, мужчына ўрэшце ўпаў на зямлю, страціў прытомнасць, з рота пайшла кроў.
Асцярожна, на відэа шмат лаянкі
Мясцовыя спрабуюць спыніць ДАІшніка, але толькі словамі і спробамі расціснуць рукі — гвалт супраць чалавека ў форме не ўжывалі. Ды калі мужчына, якога той душыў, упаў, пачаліся крыкі «забілі», на таго пачалі замахвацца пенсіянеры.
Паводле шэрагу мясцовых СМІ, мужчына быў шпіталізаваны, выжыў. Суполка «Пинск ГАИ» сцвярджае, што ён з рэанімацыі пераведзены ў ізалятар часовага ўтрымання.
На старонках міліцыі і ДАІ на момант публікацыі пра інцыдэнт не паведамляецца.
За напад на міліцыянта ў Беларусі паводле арт. 364 КК РБ можа пагражаць арышт абмежаванне волі да 5 год або пазбаўленне волі да 6 год. За перавышэнне службовых паўнамоцтваў з гвалтам супраць пацярпелага паводле ч.3 арт.426 КК РБ пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 10 год з магчымай канфіскацыяй маёмасці.
Ці падпадае пад арт. 364 гвалт супраць чалавека ў форме, які называецца міліцыянтам, але адмаўляецца паказаць дакументы, з Крымінальнага кодэксу незразумела. Таксама як незразумела, ці можна ўжываць гвалт супраць «людзей у цывільным», якія гвалтоўна цягнуць кагосьці ў машыну без нумароў — часта такія выкраданні аказваліся затрыманнямі ўдзельнікаў палітычных акцыяў.
Ды праваабаронцы ў любым выпадку не раяць ужываць гвалт супраць чалавека, які можа аказацца міліцыянтам, падпарадкоўвацца патрабаванням нават тады, калі няма доказаў, што чалавек, які называе сябе міліцыянтам, сапраўды міліцыянт.
www.svaboda.org