Для Мікалая Аўтуховіча не прынялі перадачу ад сястры

Перадачу для Мікалая Аўтуховіча ў СІЗА КДБ не прынялі ад яго роднай сястры. Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведаміў праваабаронца Васіль Завадскі.

autuchovic07012012.jpg

У СІЗА сказалі, нібыта Мікалай Аўтуховіч павінен напісаць адмысловую заяву, ад каго варта прымаць для яго перадачы. Між тым сястра вязня вымушаная была прыехаць з Ваўкавыску, каб перадаць перадачу.
Васіль Завадскі адзначае, што Аўтуховіч пазбаўлены элементарных рэчаў, сродкаў асабістай гігіены. Праваабаронца лічыць гэта бесчалавечным, прыніжаючым чалавечую годнасць абыходжаннем.
Сястра Міколы Аўтуховіча паспрабавала адправіць пасылкі для брата на Галоўпаштамце, але Васіль Завадскі не ўпэўнены, што яны дойдуць да Мікалая.
«Вось у тым і праблема, што гэта беззаконне. Для асуджаных, сапраўды, ёсць такая норма (прымаць перадачы па заяве. — НЧ). Мікола ж пакуль не асуджаны. Але не здзіўлюся, калі КДБ прыняў нейкія свае нормы. Яны і раней так рабілі», — пракаментаваў сітуацыю праваабаронца.
Мікалай Аўтуховіч — прадпрымальнік, грамадскі дзеяч, былы вайсковец. Падпадае пад пераслед уладаў з 2006 года. У 2010 годзе Аўтуховіча асудзілі паводле артыкула 295 частка 3 — «Незаконныя дзеянні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў» на 5 гадоў і 2 месяцы зняволення ва ўмовах строгага рэжыму, без канфіскацыі маёмасці. Адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 5 у Івацэвічах (Брэсцкая вобласць). Рашэннем суда, які адбыўся 17 студзеня 2012 г., быў пераведзены ў турму Гродна. 8 красавіка 2014 года Мікалай Аўтуховіч выйшаў на волю. 
Напачатку снежня 2020 года яго разам з групай сяброў абвінавацілі ў стварэнні «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў сілавых ведамстваў. Цяпер вязень знаходзіцца ў СІЗА КДБ (так званай «амерыканцы»).