Домрачава: Я ніколі не выконвала якіх-небудзь палітычных заданняў КДБ

Знакамітая беларуская біятланістка, трохразовая алімпійская чэмпіёнка, Герой Беларусі Дар'я Домрачава пракаментавала нядаўнюю гісторыю, калі стала вядомае яе званне ў Камітэце дзяржбяспекі. 

Здымак БЕЛТА

Здымак БЕЛТА

На афіцыйным сайце Беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства "Дынама" ў біяграфіі Домрачавай адзначалася, што яна "праходзіць службу ў СК КДБ Рэспублікі Беларусь" (у спартыўным клубе). Ужо ў вечары таго ж дня гэтая інфармацыя была выдаленая, а "Дынама" заявіла, што інфармацыя была састарэлая і Домрачава "не з’яўляецца членам спартыўнай каманды КДБ". Неўзабаве прэс-служба Камітэта дзяржбяспекі паведаміла, што біятланістка не з'яўляецца супрацоўнікам ведамства ад чэрвеня 2014 года.
Як інфармуе sports.ru, у электронным лісце выданню VG Дар'я Домрачава напісала наступнае: «Усе, хто знаёмы са спартыўнымі структурамі ў еўрапейскіх краінах, ведаюць, што многія элітныя спартсмены тым ці іншым чынам аформленыя на працу дзяржавай. Гэта можа быць невялікі даход або стыпендыя ад ваенных або мытных ведамстваў, паліцыі або Міністэрства ўнутраных спраў. Так было і са мной у Беларусі. Гэтак жа, як у Нарвегіі існуе стыпендыя ад НАК Нарвегіі, я атрымлівала сваю стыпендыю ад Міністэрства ўнутраных спраў».
Паводле Домрачавай, 8-10 гадоў таму яна была маладой спартсменкай і мела патрэбу ў сродках, каб займацца выключна спортам. Аднак фінансаванне спынілася пасля Алімпіяды ў Сочы.
«Я ніколі не выконвала якіх-небудзь палітычных заданняў КДБ, а толькі атрымлівала стыпендыю, каб мець магчымасць засяродзіцца на спартыўнай кар'еры», — напісала біятланістка. Цяпер Домрачава знаходзіцца ў Нарвегіі. Яна прапусціла мінулы сезон і прапусціць пачатак наступнага, паколькі чакае дзіця. Пра гэта Дар'я і яе сябар нарвежскі біятланіст Уле Эйнар Б'ёрндален паведамілі ў пачатку красавіка. Яны збіраюцца жыць у Беларусі.
Паводле Еўрарадыё