Два дзясяткі браслаўцаў наведалі ўнікальную экскурсію па родным горадзе

У Браславе адбыўся Фэст экскурсаводаў. Вандроўку “Ад сойміка да староства” сабраліся здзейсніць больш за дваццаць браславян. Літаральна кожны крок маршрута быў прадстаўлены новай эпохай або сацыяльна-культурным асяродкам.



20110831_1723364011.jpg

Вуліца Вялікая, пры Польшчы вуліца Пілсудскага, пры Саветах — вуліца Ленінская. Фота міжваеннага часу.

У гэтым дапамагалі экскурсаводам — Галляшу Сяляве і Ганне Базарэвіч — загадзя падрыхтаваныя артэфакты. На старажытным гарадзішчы удзельнікі фэсту праслухалі цікавы аповед пра раннюю гісторыю старажытнага Браслава і на высокім вале з відам на Дрывяты пачулі гукі старадаўняй дуды.

lh3.googleusercontent.com___63ywunxuzhc_ux_56108be81e68bbdd069f02fa0f2dd6b2.jpeg


Каля касцёла ў Браславе. Фота міжваеннага часу.

Пазней вандроўка працягвалася каля былой Ратушнай плошчы і гандлёвых радоў. На былой вуліцы Вялікай экскурсаводы паглыбіліся ў габрэйскі асяродак ХІХ — ХХ стагоддзяў.

Прашпацыравалі да страчанай брукаванкі, якая вяла да сінагагальнага двара, які быў цэнтрам рэлігійнага і свецкага жыцця браслаўскіх габрэяў. Тут адбылася дэманстрацыя “куплі-продажу” тавараў праз брудную дарогу, якую напачатку ХХ стагоддзя можна было назіраць у мястэчку. Каля камяніцы-вяндлярні пакаштавалі вэнджанага сала. А на наступным кроку адведалі габрэйскі ліманад.

Габрэйская супольнасць Браслава ў міжваенны час >>>

Вандроўка працягвалася па вуліцах, якія страцілі свае прыгожыя назвы: Вялікая, Нарбутаўская, Паштовая, Рынкавая, 3-травеньская. Параўноўвалі местачковыя краявіды з фотаздымкамі мінулага стагоддзя, слухалі сумныя і вясёлыя аповеды з гісторыі Браслава.

lh4.googleusercontent.com___hmwztdalgdy_ux_d2be64c3b5906be9973be4b066eaad27.jpeg


Kolonia urzędnicza - жылы квартал для супрацоўнікаў павятовай адміністрацыі ў Браславе. Фота міжваеннага часу.

Шпацыруючы праз кварталы 1920-х гадоў, якія спраектаваў прафесара Віленскага ўніверсітэта Юліуш Клос, даведаліся, дзе жыў браслаўскі стараста і тагачаснае чынавенства. А каля Спартовага дома, у якім “пры Польшчы” праходзілі канцэрты і розныя культурніцкія мерапрыемствы, экскурсаводы заспявалі польскую песню “Гэй, саколы!”

lh6.googleusercontent.com___gxslajaqcqa_ux_dd5482ad5a7a92a3d5006484c7dc787e.jpeg


Dom sportowy ў Браславе. Фота міжваеннага часу.

Лагічная кропка ў экскурсіі была пастаўленая на плошчы каля будынка староства. Вельмі цёпла з намі развіталіся слухачы, некаторыя з якіх прывезлі ў вазках дзетак.

Фэст экскурсаводаў праводзіўся ў Браславе ўпершыню. І атрымаўся. Праз год арганізатары зноў будуць здзіўляць браславянаў гісторыяй роднага горада.

westki.info