Дырэктар польскага ліцэя прайграў грошы вучняў і ўцёк у Беларусь. Але ненадоўга
Дырэктар ліцэя ў польскім горадзе Буска-Здруй прайграў грошы, якія прызначаліся на школьныя паездкі. А ўсвядоміўшы, што не ў стане пагасіць доўг, з'ехаў у Беларусь. Пазней ён вырашыў вярнуцца і паўстаў перад судом. Пра справу распавядае выданне «Most» са спасылкай на газету «Wyborcza».
Томаш Г. прызнаўся, што праблемы з азартнымі гульнямі ў яго пачаліся яшчэ ў 2012 годзе. Ён рабіў стаўкі на футбол і іншыя віды спорту. У асноўным мужчына гуляў анлайн, але часам наведваў і стацыянарныя букмекерскія канторы.
Усвядоміўшы сваю залежнасць, ён вырашыў прайсці тэрапію. Лячэнне дапамагло: Томаш быў «у завязцы» амаль два гады. Аднак у 2019 годзе гульняманія вярнулася. Нейкі час дырэктар прайграваў уласныя грошы, потым пачаў займаць невялікія сумы, а затым стаў браць грошы, сабраныя школьнікамі і бацькоўскім камітэтам. Сродкі захоўвалася ў сейфе яго кабінета.
Ліцэй №1 у Буска-Здруі часта арганізоўваў паездкі школьнікаў за мяжу. У 2020 годзе дзяцей хацелі адправіць у Італію і Харватыю — сабраныя на гэта сродкі настаўнікі перадалі цяпер ужо былому дырэктару на захоўванне. Але з-за пандэміі паездкі прыйшлося адкласці.
— Гэтая сітуацыя прымусіла мяне спакусіцца грашыма, — распавёў Томаш. — Здаралася, што настаўнікі ці школьнікі пыталіся пра паездкі, але я іх адкладваў, апраўдваючыся пандэміяй і вайной. Гэта дазваляла выйграць час.
Дырэктару здавалася, што ён здолее адыграцца, але ў выніку мужчына змарнаваў усе сродкі, узятыя са школьнай касы — агулам амаль паўмільёна злотых (больш за 100 тысяч еўра).
У верасні 2022 года, пасля летніх канікул, Томаш павінен быў прыступіць да працы, але ў ліцэі не з'явіўся. Праз дзень сям'я заявіла аб яго знікненні. Тады ж яго намеснік заўважыў, што грошы, якія прызначаліся на паездкі, зніклі.
— Я з'ехаў з Польшчы ў Беларусь 5 верасня. Мне проста надакучылі штодзённыя роспыты пра грошы. Я ведаў, што ў мяне іх няма, і не мог гэтага вынесці.
Паводле слоў Томаша, паездка ў Беларусь не была ўцёкамі — мужчына папярэдне кансультаваўся з паліцыяй і консульствам.
Дырэктар прабыў у Беларусі 10 дзён, і ў ноч на 16 верасня вярнуўся ў Польшчу. На трэці дзень знаходжання на радзіме Томаша затрымалі ў Сандаміры.
Акруговы суд горада Кельцэ прыняў да ўвагі, што мужчына добраахвотна вярнуўся з-за мяжы, не перашкаджаў крымінальнай вытворчасці, прызнаў сябе вінаватым і ўжо пачаў пагашаць доўг. Пры гэтым суд улічыў, што Томаш увёў крэдытораў у зман адносна сваёй сітуацыі, а таксама здзейсніў злачынства, з'яўляючыся службовай асобай.
Суд прысудзіў яму 2 гады і 10 месяцаў пазбаўлення
волі, а таксама абавязаў пагасіць рэшту доўгу.