Дзень дабрыні ў Мінску
Бясплатнае таксі, прэзентацыя фільма і новы спектакль: у Мінску гаварылі аб праблеме аўтызму.
У Мінску з'явілася «Дрэва казак» — новы спектакль напярэдадні прэзентаваў Сямейны інклюзіў-тэатр «і» пры падтрымцы кампаніі velcom. Прэм'ера пастаноўкі з аншлагам прайшла на сцэне Рэспубліканскага палаца культуры ветэранаў. У спектаклі прынялі ўдзел як звычайныя, так і асаблівыя дзеці, каб прыцягнуць увагу да праблемы аўтызму.
«Дрэва казак» серыя міні-навэл, у якіх гаворыцца пра ўнікальнасць кожнага чалавека, пра дабро і сяброўства. Раней пастаноўка была прызнана лепшым драматычным спектаклем на міжнародным конкурсе «Скрыжаванні. Мінск», набраўшы найбольшую колькасць балаў сярод 21 тэатра.
«Мы не дзелім дзяцей на асаблівых і не вельмі, імкнемся падрыхтоўваць спектаклі на даволі высокім прафесійным узроўні без зніжак і патуранняў, — адзначыла мастацкі кіраўнік тэатра Ірына Пушкарова. — Так, у кожнай нашай пастаноўцы задзейнічана прыкладна 15-20% асаблівых дзяцей. Як паказвае практыка, менавіта ў такой прапорцыі дасягаецца найбольшы інклюзіўны эфект, калі дзеці выразна выконваюць на сцэне свае творчыя задачы».
Больш за год у тэатры вядзецца відэаманіторынг рэпетыцый і выступленняў. Адзнятыя матэрыялы ляглі ў аснову дакументальнага фільма «Хто апошні ...» беларускага рэжысёра Сяргея Ісакава, які рыхтуе стужку для міжнародных кінафестываляў. У аснове сюжэта — гісторыі 4 асаблівых дзяцей і праўдзівая гісторыя пра дапамогу тэатратэрапіі ў паўсядзённым жыцці. Урыўкі будучага фільма прэзентавалі напярэдадні прадстаўнікам беларускіх грамадскіх арганізацый, якія займаюцца праблемамі аўтызму. Маштабная прэм'ера для ўсіх гледачоў адбудзецца ў Мінску летам.
Каб звярнуць увагу грамадства на праблему аўтызму 2 красавіка па Мінску курсіравала «Таксі дабра». Пры падтрымцы кампаніі velcom 86 сініх машын службы «Сталіца 135» бясплатна вазілі мінчан і гасцей сталіцы, раздавалі пасажырам інфарматыўныя ўлёткі і бясплатныя квіткі на спектакль. Усяго на ўдзел у акцыі паступіла больш за 400 заявак.
«Ужо некалькі гадоў кампанія velcom далучаецца да сусветнай акцыі. Раней мы ініцыявалі сіняе падсвятленне будынкаў у Мінску і нават перафарбавалі на адзін дзень наш лагатып. Летась 2 красавіка па Мінску хадзіў бясплатны сіні трамвай. А ў гэты раз сумесна з партнёрамі арганізавалі бясплатнае таксі, каб інфармаваць людзей аб праблеме аўтызму», — адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў.***У бліжэйшы час тэатр плануе паказаць спектакль «Дрэва казак» выхаванцам дзіцячых дамоў.