«Дзікуноў» ня пусцяць: вызначаны парадак «бязвізавага» уезду на Берасцейшчыну і Гарадзеншчыну

Урад Беларусі зацвердзіў парадак бязвізавага ўезду ў турыстычныя зоны «Берасце» і «Аўгустоўскі канал» — раней 10-дзённы «бязвіз» для грамадзянаў 77 краінаў увялі для Берасця, Горадні і асобных раёнаў вакол іх, паведамляе Радыё Свабода.

turistas.jpg

Паводле палажэння, замежным турыстам трэба мець пры сабе пашпарт або дакумент, што яго замяняе, а таксама дакумент на права наведвання «бязвізавых» зонаў. Для атрымання такога дакументу неабходна замовіць тур ад аператара, сертыфікаванага ў Беларусі — значыць, турыстаў-«дзікуноў» не прапусцяць.
У дакумэнце на права наведвання агаворваецца дакладны тэрмін знаходжання турыста ў Беларусі, але ў тураператара можна дакупіць турыстычныя паслугі на «дадатковыя» дні (сумарна не больш за 10 дзён).
Калі турыст затрымаецца праз надзвычайныя абставіны (кшталту хваробы ці аварыі), ён ці яго прадстаўнік мусіць звярнуцца ў бліжэйшы орган унутраных спраў і папрасіць працягнуць тэрмін перабывання. Калі турыст згубіць дакумент, то можа звярнуцца да тураператара па копію.
Раней турысты мусілі так жа замаўляць туры ў тураператараў для «бязвізу» ў Горадні і ў зоне «Аўгустоўскі канал», але маглі ехаць у Белавежскую пушчу без пасярэднікаў, замовіўшы паслугі наўпрост у адміністрацыі Нацыянальнага парку. Праз Нацыянальны аэрапорт «Мінск» на 5-дзённы «бязвіз» па-ранейшаму можна прылятаць «дзікуном» — без замаўлення турыстычных паслугаў.

Падтрымліваюць беларускіх турапэратараў?

Як кажа галоўная рэдактарка парталу «Турызм і адпачынак» Лілія Кобзік, прынамсі ў Горадні турыстычныя паслугі трэба было замаўляць менавіта ў беларускіх, але не замежных апэратараў, сплаціўшы невялікія сумы кшталту 5-10 даляраў.
«Магчыма, дзяржава намагаецца рэгуляваць турыстычныя патокі, даючы нацыянальнаму турбізнэсу нейкі заробак, — разважае яна. — Магчыма, ідзе аналіз: што мы маем з гэтага бязвізу? Ад грошаў з візаў мы адмовіліся, якія грошы ўязджаюць?
Магчыма, гэта робіцца, каб даць нейкую капейчыну турфірмам, якія цяпер знаходзяцца ў вельмі цяжкім стане: увесь уязны турызм схіляецца да таго, каб не мець такі канал як турфірмы, чалавек сам браніруе гатэль ці кватэру, групы едуць са сваімі гідамі і транспартам, ня вельмі харчуюцца ў нашых рэстарацыях...»
Яна мяркуе, што намаганні дзяржавы кіраваць турыстычнымі плынямі — гэта правільна, але дапускае, што захады могуць быць і памылковымі: «гэта пытанне практыкі, тут можна і памыліцца, патрэбная аналітыка».

«Бязвізавыя» лічбы

Намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Міхаіл Партны апублікаваў на Facebook свежыя лічбы пра «бязвіз»:

  • Праз нацыянальны аэрапорт «Мінск» без візы ў Беларусь трапілі больш за 77 тысяч чалавек з 67 краінаў.
  • У зону «Аўгустоўскі канал» і Горадню за год прыехалі 55 тысяч «бязвізавых» турыстаў — у 10 раў больш, чым было да «бязвізу».
  • Гарадзенскі рэгіён зарабіў на «бязвізавых» турыстах каля 12 мільёнаў эўра.