Амбіцыі дня. Чаго чакае Лукашэнка ад эканомікі ў 2018-м
Аптымізму уладаў можна толькі пазайздросціць.
У апошні дзень адыходзячага года Аляксандр Лукашэнка падпісаў шэраг законаў, указ аб «Аб задачах сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2018 год», а таксама зацвердзіў Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2018 год.
Прывядзем некалькі асноўных паказчыкаў, закладзеных у падпісаных дакументах. Адзначым, што аптымізму іх падпісанта можна толькі пазайздросціць. Такім чынам:
- ВУП у 2018 годзе вырасце на 3,5%;
- Экспарт тавараў і паслуг — на 5,7%;
- Інфляцыя — не перавысіць 6%.
Акрамя гэтага, ураду даручана «забяспечыць далейшы эканамічна абгрунтаваны рост заробкаў на аснове стварэння перш за ўсё высокапрадукцыйных працоўных месцаў», а таксама
«Скараціць Міжрэгіянальную дыферэнцыяцыю ва ўзроўні і якасці жыцця насельніцтва». У выпадку з апошнім абяцаннем уладаў хочацца спадзявацца, што Шаркаўшчыну і Бешанковічы будуць падцягваць да ўзроўню Мінска, а не наадварот.
Фактычна, Лукашэнка зацвердзіў аптымістычны план Саўміна, агучаны ў пачатку снежня. Незалежныя прагнозы асаблівага аптымізму не выпраменьваюць. Нагадаем, што Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця прагназуе рост беларускай эканомікі ў наступным годзе на 2%. Сусветны банк таксама прагназуе рост ВУП Беларусі, але пры гэтым яго прагнозныя паказчыкі куды больш сціпла агучаных уладамі: 2,1% у 2018-м і 2,4% у 2019-м.
Паводле gazetaby.com