«Дзякуй Богу, Сяргею сталі выдаваць лекі…»

Аляксандр Сацук распавёў пра апошнія навіны ад брата-палітвязня «Народнай Волі». Ён лічыць, што па стане здароўя былы рэдактар «Ежедневника» Сяргей Сацук наогул не павінен знаходзіцца за кратамі.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Каля месяца таму стала вядома, што ў былога рэдактара інтэрнэт-партала «Ежедневник» Сяргея Сацука вялікія праблемы з лекамі. У журналіста сардэчнае захворванне, і яму трэба штодзень раніцай і вечарам прымаць адмысловыя таблеткі — і так пажыццёва. Блізкія журналіста паведамілі, што яны перадавалі неабходныя лекі ў турму, але іх чамусьці Сяргею не аддавалі. Ад недахопу лекаў Сергей перажыў ужо як мінімум адзін прыступ.

— Цяпер, дзякуй Богу, лекі нармальна даюць, — кажа Аляксандр Сацук, брат журналіста. — Усё, што мы яму перадалі, натуральна, на рукі не выдалі, але штодзень пэўную норму таблетак Сяргей атрымлівае. Таму зараз праблем з доступам да лекаў няма.

— Якія яшчэ навіны ад брата?

— Наколькі вядома, цяпер ён знаходзіцца ў каранціне, хаця не выключаю, што ўжо маглі размеркаваць у атрад.

— Некаторых вязняў вызваляюць ад працы ў калоніі, калі стан здароўя не дазваляе…

— Я лічу, што па стане здароўя Сяргей наогул не павінен знаходзіцца за кратамі. У брата два сур’ёзныя захворванні… Наколькі вядома, гэта прапісана ў некаторых заканадаўчых дакументах. Іншая справа, як усё гэта прымяняецца на практыцы.

— Пасля разгляду апеляцыі Вярхоўным судом Сяргей сустрэўся з блізкімі…

— Так, была сустрэча з жонкай. Зараз са спатканнямі, напэўна, могуць быць праблемы, бо Сяргея паставілі на прафілактычны ўлік як схільнага да парушэнняў рэжыму. Многіх «палітычных» ставяць на такі ўлік. Таму не выключаю, што могуць быць абмежаванні і ў спатканнях, і з перадачамі.


Нагадаем, Сяргей Сацук — галоўны рэдактар заблакіраванага інтэрнэт-партала «Ежедневник», аўтар рэзанансных расследаванняў пра факты карупцыі ў дзяржаўнай сістэме.

Яго затрымалі 8 снежня 2021 года. Сяргея абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: «атрыманне хабару» (арт. 430), «распальванне варожасці» (арт. 130), «перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў» (арт. 426).

У выніку Сяргей Сацук асуджаны на 8 гадоў зняволення з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Таксама журналісту прызначаны штраф у памеры 500 базавых велічынь (16 тысяч беларускіх рублёў). Ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў. Акрамя таго, суд вырашыў спагнаць з абвінавачанага ў даход дзяржавы грашовую суму ў памеры 12.384 беларускіх рублёў.

Да разгляду апеляцыйнай скаргі Сацука этапіравалі ў магілёўскую турму №4. У мінулым месяцы Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд журналісту. Нягледзячы на тое, што працэс у Мінскім гарадскім судзе быў адкрытым, Вярхоўны суд разглядаў апеляцыю ў закрытым рэжыме. А за некалькі дзён да разгляду скаргі затрымалі адваката Сяргея Сацука.

Паводле nv-online.info