Экс-сілавік, завочна асуджаны за «падпал» дома Гайдукевіча: «Справа сфальсіфікаваная»

Дзяніс Хаміцэвіч — адзін з асуджаных па справе Гайдукевіча. Ён цяпер за мяжой, таму атрымаў завочны тэрмін. У эфіры ютуб-канала «Пара!» ён распавёў, што ведае пра фігурантаў крымінальнай справы, якім у сукупнасці прысудзілі 250 гадоў. Яго словы прыводзіць «Наша Ніва». 

Дзяніс
Хаміцэвіч. Скрын ютуб-канала «Пара!»

Дзяніс Хаміцэвіч. Скрын ютуб-канала «Пара!»

Апошняе месца працы Дзяніса Хаміцэвіча — начальнік аховы ўчастка вытворчасці «Мінская пошта». Да гэтага ён служыў у 8-м упраўленні Дэпартамента аховы МУС Беларусі, якое займаецца аховаю дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх установаў замежных дзяржаваў.

Дзянісу Хаміцэвічу завочна прысудзілі 16 гадоў па справе, звязанай з падпалам дома Гайдукевіча.

Сам ён не бачыў дома дэпутата і не ведае, дзе ён знаходзіцца. Але, па яго словах, калі б перад ім была пастаўлена такая задача, то «яна б была выкананая, і дом бы згарэў».

Хаміцэвіч мяркуе, што адзінае, з-за чаго на яго маглі звярнуць увагу праваахоўныя органы, гэта дваровыя маршы, у якіх ён браў удзел у 2020 годзе. Ён сцвярджае, што ніколі не ўдзельнічаў ні ў якіх падпалах, і справу аб падпале дома Гайдукевіча лічыць сфальсіфікаванай.

Хаміцэвіч выказаў меркаванне, што на людзей, якія былі абвінавачаныя па справе, сілавікі выйшлі праз аднаго чалавека, з якім некаторыя з іх былі на сувязі. Але прозвішча не назваў: «Гэты чалавек, на маю думку, недзе зрабіў грубую памылку, якая прывяла да ўсяго гэтага».

Звесткі пра людзей, хутчэй за ўсё, былі атрыманы праз інцыдэнт з камандай «Чорнай кнігі Беларусі», калі супрацоўнік ГУБАЗіКа Артур Гайко змог у яе ўвайсці і працяглы час супрацоўнічаць.

На словах Хаміцэвіча, усе 18 абвінавачаных па справе ніяк не былі паміж сабою звязаныя. Адзін з абвінавачаных — Дзяніс Філончык, які атрымаў 9 гадоў пазбаўлення волі, — сябар Дзяніса Хаміцэвіча.

«З ім мы каля дома наводзілі прыгажосць. Дастаткова часта сустракаліся. Таму, мне здаецца, яго і ўзялі ў распрацоўку. Ён ніякі не сілавік. У свой час у яго былі прывады ў міліцыю», — адзначае Хаміцэвіч.


Глядзіце таксама

Дзяніс кажа, што не знаёмы з сям'ёй Вайцяховічаў з Барысава — у ёй муж з жонкай, сын і нявестка атрымалі ад 11 да 21 года.

Ён звяртае ўвагу, што гэтыя людзі былі арыштаваныя яшчэ ў жніўні 2021 года. А Дзяніс Філончык і Уладзімір Савянкоў былі затрыманыя толькі 2 снежня 2021 года.

«Калі б гэтыя людзі былі паміж сабою звязаныя, то такія людзі, як Уладзімір Савянкоў, ужо б не знаходзіліся ў Беларусі», — мяркуе Хаміцэвіч.

Дзяніс распавёў, што Уладзімір Савянкоў раней быў адным з камандзіраў Мінскага абласнога АМАП і некалі праходзіў службу ў вайсковай часці 3214.

«Мне здаецца, што гэты чалавек з-за сваёй палітычнай пазіцыі размаўляў са сваімі былымі таварышамі па службе. Магчыма, нехта з іх зрабіў данос на яго», — мяркуе Хаміцэвіч і адзначае, што з Савянковым яны разам былі ў адной спартыўнай арганізацыі, дзе Дзяніс быў сакратаром.

Пра гісторыю з падпалам дома Гайдукевіча Хаміцэвіч ведае, па яго словах, толькі з навінаў.

«Тое, што Гайдукевіч заяўляе, што ў яго дзеці і ён нікому не прабачыць, звяртаючыся ў тым ліку і да мяне, то хачу яму перадаць, што мы таксама ўсё памятаем і вернемся дадому ў любым выпадку», — заяўляе Хаміцэвіч.