Эксперты ў другі раз не знайшлі экстрэмізму ў кнізе «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»
Днямі гісторык Уладзімір Валодзін атрымаў адказ ад Ашмянскай мытні.
У адказе паведамляецца, што экспертыза не знайшла прыкметаў экстрэмізму ў
інфармацыйных прадуктах — кнізе «Смяротнае пакаранне ў Беларусі» і дыску
з дакументальным фільмам «Дысідэнт».
“Мяне ўвогуле
здзівіла, чаму гэтыя прадукты былі ўзятыя ў мяне на экспертызу, таму што
кнігу раней ужо правярала тая ж Ашмянская мытня і прыкметаў экстрэмізму ў ёй не
было выяўлена. І я мяркую, што ў межах адной мытні можна было ўжо ўзгадніць спіс
тых інфармацыйных выданняў, якія з’яўляюцца экстрэмісцкімі матэрыяламі, а якія —
не, — распавядае Уладзімір Валодзін. — Мяне трымалі на мяжы каля трох гадзінаў,
і я лічу, што за гэты час можна было праглядзець 15-хвілінны фільм пра
беларускага дысідэнта Міхася Кукабаку і пераканацца ў тым, што змест дыска
адпавядае таму, што напісана на вокладцы”.
Гісторык незадаволены практыкай беларускай дзяржавы, калі любыя кнігі цікавяць мытнікаў, а кожны, хто праязджае з імі праз мяжу, нібыта спрабуе пасеяць у краіне нейкую варожасць ці падарваць аснову беларускай дзяржаўнасці.
"Я планую атрымаць назад гэтыя інфаматэрыялы, а таксама мне хочацца азнаёміцца і з высновамі экспертаў, каб у будучым людзі, якія будуць вазіць праз беларускую мытню гэту самую кнігу і дыск, маглі аргументавана давесці мытнікам, што іх бессэнсоўна канфіскоўваць і адпраўляць зноў на экспертызу", — падкрэсліў Уладзімір Валодзін.
Акрамя таго гісторык звяртае ўвагу і на марудлівасць у перасылцы паведамленняў: тыдзень сышоў у Ашмянскай мытні, каб атрымаўшы вынікі экспертызы, падрыхтаваць ліст да яго на два абзацы.
Нагадаем, Уладзімір Валодзін вяртаўся ўначы 9 кастрычніка аўтобусам з Літвы, дзе браў удзел у Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі. Пры перасячэнні мяжы работнікі Ашмянскай мытні звярнулі ўвагу на пакет з кнігамі і часопісамі, якія ён прыдбаў для сябе на кангрэсе. Выклікалі начальніка змены, які прыняў рашэнне накіраваць некаторыя выданні, у прыватнасці кнігу “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”, а таксама дыск з дакументальным фільмам “Дысідэнт”, на экспертызу на наяўнасць у іх прыкмет экстрэмізму. Такім вось чынам беларускія мытнікі адрэагавалі на Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка.
Цікава, што ў сакавіку 2016 года гарадзенскі эксперты ўжо “шукалі” экстрэмізм у кнізе “Смяротнае пакаранне ў Беларусі” ды … не знайшлі. Гарадзенскай абласной камісіяй было падрыхтаванае экспертнае заключэнне, з якога вынікае, што прыкметаў праяўлення экстрэмізму ў выданні не знойдзена.