«Еўрарадыё» прызналі экстрэмісцкім фармаваннем (абноўлена)
Рашэнне аб прызнанні «Еўрарадыё» экстрэмісцкім фармаваннем 20 ліпеня прыняло МУС Беларусі.
![photo_2022_07_20_17_41_59_czyh1.jpg photo_2022_07_20_17_41_59_czyh1.jpg](/img/v1/images/photo_2022_07_20_17_41_59_czyh1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Праўладныя каналы паведамляюць, што гэта было зроблена з-за «заклікаў да забойства дзяржаўных служачых і членаў іх сем'яў, арганізацыю і каардынацыю пратэснай дзейнасці ў 2020 годзе».
«Нашае стаўленне да гэтага такое. Па-першае, Еўрарадыё ніколі не заклікала забіваць дзяржслужбоўцаў і іх сем'і. Па-другое, мы не арганізоўвалі і не каардынавалі пратэсты. Мы асвятлялі іх — так, як і належыць сапраўдным журналістам. Працягваем асвятляць. І будзем працягваць. А па-трэцяе, ну калі ўжо так захацелася сілавікам наляпіць сваё кляймо на чарговую незалежную медыю — калі ласка. У краіне, дзе па-ранейшаму "не да законаў", мы ніяк не можам на гэта паўплываць», — адзначае калектыў радыё.
«Еўрапейскае радыё для Беларусі» (Еўрарадыё) — радыёстанцыя, заснаваная ў верасні 2005 года ў Варшаве. Вяшчае з 26 лютага 2006 года; у 2009-2021 гадах існаваў карэспандэнцкі пункт у Мінску.
«Еўрарадыё» вяшчае на беларускай мове ў FM-дыяпазоне на Заходнюю Беларусь, распаўсюджваючы інфармацыю таксама праз спадарожнік, сайт у Інтэрнэце і старонкі ў сацыяльных сетках, пазіцыянуючы сябе як беларускае СМІ.
Місіяй радыёстанцыі заяўлена «прадастаўленне беларускім слухачам актуальнай, свежай, незалежнай, сучаснай і праўдзівай інфармацыі пра падзеі ў Беларусі і свеце, а таксама распаўсюджванне дэмакратычных каштоўнасцяў».
Мэтавай аўдыторыяй заяўлена насельніцтва Беларусі, якому ад 2006 года прадастаўляецца інфармацыйны прадукт розных жанраў — навінавыя, музычныя, аналітычныя і забаўляльныя праграмы.