Еўрасаюз: неабходна пакласці канец сакрэтнасці пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі

На сайце Еўрапейскай службы знешніх сувязяў з’явілася інфармацыя, што ў Беларусі маглі здзейсніць смяротнае пакаранне ў дачыненні да Віктара Паўлава, паведамляе «Белсат».

Віктар Паўлаў у судзе. Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна»

Віктар Паўлаў у судзе. Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна»

Чальцу сям’і асуджанага адмовілі ў прадстаўленні інфармацыі аб знаходжанні вязня.

«Адмова ў своечасовай інфармацыі родным ужо неаднаразова сведчыла пра таемнае пакаранне, які праводзіць аўтарытарны рэжым у Беларусі, адзінай еўрапейскай краіне, дзе ўсё яшчэ прымяняюць смяротнае пакаранне, – гаворыцца ў заяве адказнай асобы. – Неабходна пакласці канец сакрэтнасці пенітэнцыярнай сістэмы ў Беларусі, і Еўрапейскі Саюз нагадвае пра сваё безумоўнае непрыманне прымянення смяротнага пакарання пры любых абставінах. Смяротнае пакаранне – гэта жорсткае і бесчалавечнае пакаранне, якое не стрымлівае ад здзяйснення злачынстваў і прадстаўляе сабой непрымальнае адмаўленне чалавечай годнасці і недатыкальнасці».

Пра тое, што Віктара Паўлава маглі расстраляць, каардынатару кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэю Палудзе яшчэ тыдзень таму, 10 чэрвеня, паведаміла сястра Паўлава спадарыня Раіса.

Жанчына распавядала, што ад Віктара паўтара месяцы не было лістоў. Яна хацела спаткацца з братам, але ёй адмовілі, а таксама нічога не паведамілі пра стан Паўлава. Адвакату пазней сказалі ў СІЗА, што Віктара Паўлава там няма.

На падставе гэтых фактаў спадарыня Раіса зрабіла выснову, што ейнага брата маглі расстраляць. Але афіцыйных дакументаў пра тое, што прысуд быў здзейснены, жанчына не атрымлівала.

Віктар Паўлаў быў прызнаны вінаватым у забойстве дзвюх пенсіянерак на Віцебшчыне. Прысуд яму вынеслі напрыканцы ліпеня 2019 года.