«Amnesty Intеrnational» заявіла пра масавыя рэпрэсіі супраць медыкаў у Беларусі

У Беларусі звольнілі дзясяткі медыцынскіх работнікаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах або крытыкавалі ўлады.

«Ланцуг салідарнасці» медыкаў, жнівень 2020

«Ланцуг салідарнасці» медыкаў, жнівень 2020


Беларускія лекары заплацілі неймаверную цану за прафесіяналізм і нязгоду, перакананыя ў міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Amnesty International». Яна заявіла пра жорсткія рэпрэсіі беларускіх улад супраць медыкаў, якія не ўтойвалі сваёй грамадзянскай пазіцыі. Паводле звестак арганізацыі, у сувязі з гэтым звольнілі дзясяткі работнікаў, многія пазбавіліся працы ў медыцынскай галіне, перадае «Радыё Свабода».

Як адзін з найбольш абуральных выпадкаў называецца гісторыя анестэзіёлага мінскай лякарні хуткай дапамогі Арцёма Сарокіна, асуджанага разам з журналісткай TUT.BY Кацярынай Барысевіч па справе аб «разгалошванні медыцынскай таямніцы» пасля гібелі актывіста Рамана Бандарэнкі. Яны паведамілі вынікі экспертызы, якія сведчылі, што Бандарэнка быў цвярозы, у той час як улады казалі, што ў яго крыві выявілі алкаголь.

Пры гэтым масавыя звальненні медыкаў у Беларусі адбываюцца, нягледзячы на нястачу кадраў у сферы аховы здароўя, што прыводзіць да катастрафічнай сітуацыі, асабліва на перыферыі.

«Улады Беларусі не клапоцяцца пра права на здароўе і іншыя правы чалавека. Рэакцыя ўлад на любую мірную нязгоду — гвалт і жорсткія рэпрэсіі. Лекары і медсёстры аказаліся сярод тых, хто заплаціў неймаверную чалавечую цану за свой прафесіяналізм і праяву чалавечага спачування», — заявіў намеснік дырэктара «Amnesty Intrnational» ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Брус Мілар.

Ён падкрэсліў, што беларускія медыкі «апынуліся на перадавой падчас цяперашняга крызісу з правамі чалавека ў краіне». Пры гэтым яны аказвалі дапамогу пацярпелым дэманстрантам, а таксама выкрывалі спробы ўлад прыменшыць маштабы кровапраліцця, заплаціўшы высокую цану за сваю прыстойнасць, страціўшы сродкі для існавання, а ў некаторых выпадках і свабоду. Нецярпімасць улад да мірнага іншадумства падрывае медыцынскую супольнасць ва ўмовах глабальнай пандэміі.

Паводле яго слоў, улады Беларусі на чале з Лукашэнкам «разбураюць самыя каштоўныя інстытуты беларускага грамадства — ад культурных арганізацый і студэнцкіх саюзаў да журналісцкай і медыцынскай супольнасцей».

«Amnesty International» заклікала сусветную супольнасць не пакінуць сітуацыю незаўважанай і выступіць супраць рэпрэсій у Беларусі.