У краязнаўцы Кастуся Шыталя прайшоў ператрус
У краязнаўцы і блогера з Докшыц Кастуся Шыталя прайшоў ператрус паводле крымінальнай справы, заведзенай па арт. 369 КК. Яна тычыцца некалькіх паведамленняў у Telegram-чаце «Докшыцы для жыцця».

Паводле інфармацыі сілавікоў, там былі размешчаныя абразы трох супрацоўнікаў Докшыцкага РАУС. Кастусь знаходзіцца ў статусе сведкі, перадае REFORM.by.
«Згодна з пастановай на ператрус, нібыта ў мяне як у адміністратара чата (на самой справе я не адміністратар) могуць быць матэрыялы, неабходныя для следства», — напісаў Шыталь на сваёй старонцы ў Facebook.
«У Кастуся забралі ўсю тэхніку. Спадзяюся, падчас экспертыз хоць эксперт прасякнецца патрыятызмам Шыталя. Гістарычнымі цікавосткамі і ўнікальнымі старымі фотаздымкамі Глыбоччыны, якія наш сябра збірае многія гады», — пракаментаваў гэтую падзею прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.