Фігуры тыдня: Анатоль Калінін, Кацярына Вандар’ева, Сяргей Мартынаў

Анатоль Калінін

Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін прапануе ад 2015 года ў Мінску практычна не будаваць камерцыйнае жыллё.



kalinin.jpg

«Я б прапанаваў, ад 2015 года ў Мінску практычна не будаваць камерцыйнае жыллё — толькі арэнднае і па дзяржзамове. У гарадах-спадарожніках таксама неабходна будаваць арэнднае жыллё. Гэта еўрапейская практыка: працоўныя рэсурсы прывязваюцца да месца працы і шукаюць там жыллё. А ў нас наадварот: жыллё вызначае прывязку працоўных рэсурсаў да тэрыторыі», — адзначыў віцэ-прэм’ер. Пры гэтым ён растлумачыў, што «неабходна камерцыйнае жыллё выносіць у гарады-спадарожнікі, а для Мінска стварыць максімальна камфортныя ўмовы для прыватных забудоўшчыкаў арэнднага жылля — гэта задача №1».

Анатоль Калінін мяркуе, што арэнднае жыллё павінна быць не толькі ў сталіцы і абласных цэнтрах, але і ў тых гарадах, дзе ёсць сур’ёзныя прамысловыя комплексы — Жодзіна, Жлобін, Астравец.
«Мы ж не пабудуем там столькі камерцыйнага жылля, а арэнднае — можам. У арэндным жыллі не месяц і не два жывуць, а доўгія гады, а то і ўсё жыццё. Мы зробім прывабным кошт пражывання там. Ён ужо цяпер у сярэднім у два разы ніжэй за рынкавы», — паведаміў ён.
Па словах намесніка віцэ-прэм’ера, у Беларусі ёсць і такая праблема: частка грамадзян, якія здаюць жыллё ў арэнду, не плацяць падаткі. «Ужо ёсць даручэнне падатковай службе зрабіць больш жорсткім падыходы. Калі чалавек атрымлівае даходы, значыць, ён павінен плаціць падаткі ў бюджэт», — падкрэсліў Анатоль Калінін.
----------------------------------------------------------------------------------------------------------

Кацярына Вандар’ева

vandar_eva.jpg


Беларуская кікбаксёрка Кацярына «Барбі» Вандар’ева атрымала ўпэўненую перамогу па балах у часе сёмага міжнароднага турніру па кікбоксінгу W5 FIGHTER ў Маскве.
Неаднаразовая чэмпіёнка свету, Еўропы і Беларусі Кацярына Вандар’ева упэўнена перамагла ў супербаі да 54 кілаграмаў Міхаэль Банчакову са Славакіі. На бой «Барбі» выйшла як на подыум, толькі замест сукенкі на ёй былі ружовыя шорты і туфлі на высокім абцасе ў спалучэнні з баксёрскімі пальчаткамі. Міхаэла прыкметна саступала суперніцы ў тэхніцы. Вандар’ева прыгожа зрабіла сваю працу. У яе атрымлівалася практычна ўсё: хвосткія лоў-кікі, добрая расцяжка, плюс гуляла на руку добрае пачуццё дыстанцыі, піша eurosport.ru.
У кікбоксінг Кацярына Вандар’ева прыйшла пяць гадоў таму яшчэ будучы школьніцай. Дзяўчына хацела падцягнуць адзінаборствы, каб мець перавагу для паступлення ў Акадэмію МУС. У 2009 беларуска стала чэмпіёнкай свету, прычым з першай спробы. За гэты час Кацярына неаднаразова ўздымалася на спартыўны п’едэстал гонару.
----------------------------------------------------------------------------------------------------------

Сяргей Мартынаў

martinov.jpg

 
Спецыяльным прадстаўніком НК «Руснафта» у Беларусі прызначаны Сяргей Мартынаў, які раней займаў пасаду міністра замежных спраў рэспублікі, піша interfax.by.
У сферу адказнасці спецыяльнага прадстаўніка НК уваходзіць паглыбленне ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва кампаніі і рэспублікі, удзел у распрацоўцы і рэалізацыі перспектыўных нафтагазавых праектаў як у Беларусі, так і іншых краінах.
Сяргей Мартынаў, 1953 года нараджэння, з 1975 года працаваў на кіруючых пасадах МЗС Беларусі, у тым ліку — надзвычайным і паўнамоцным амбасадарам у ЗША; пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Еўрапейскіх супольнасцях, арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавора. На пасадзе міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў працаваў з 2003 па 2012 гады.
Прызначэнне Мартынава, як адзначае кампанія, «падкрэслівае стратэгічную цікавасць НК «Руснафта» да развіцця знешнеэканамічных сувязяў, пашырэння геаграфіі дзейнасці, узмацнення пазіцыі кампаніі на міжнародных нафтавых рынках».
Раней паведамлялася, што саўладальнік «Руснафта» Міхаіл Гуцарыеў стаў інвестарам распрацоўкі Старобінскага калійнага радовішча ў Беларусі. У кастрычніку 2011 года было зарэгістравана ТАА «Слаўкалій», якое будзе займацца рэалізацыяй праекта, што прадугледжвае будаўніцтва магутнасці па выпуску 1,8 мільёна тон хлорыстага калію ў год. Саінвестарам гэтага праекта можа выступіць Ашчадбанк.