Філосаф у турме: тэрмін знаходжання Уладзіміра Мацкевіча ў СІЗА працягнуты на месяц
5 кастрычніка філосафу і метадолагу Уладзіміру Мацкевічу працягнуты тэрмін знаходжання пад вартай яшчэ на месяц. Ён прабудзе за кратамі мінімум да 4 лістапада..
Нагадаем, Уладзімір Мацкевіч быў арыштаваны ў пачатку жніўня 2021 года і пасля 10 сутак на Акрэсціна быў пераведзены ў СІЗА №1 на вул. Валадарскага, дзе знаходзіцца ўжо два месяцы. Яму прад’яўленае абвінавачанне па артыкуле 342 ч. 1 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
Паводле інфармацыі, перададзенай адвакатам, да 8 верасня Мацкевіч знаходзіўся ў камеры адзін, затым быў пераведзены ў 4-мясцовую камеру. 6 верасня яго паставілі на ўлік як «схільнага да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Мацкевіч адчувае сябе здавальняюча і піша кнігу.
У Facebook аднадумцы Уладзіміра Мацкевіча вядуць актыўную кампанію «Філосаф у турме» для папулярызацыі яго ідэй і прадастаўлення актуальных навін пра следства і самаадчуванне філосафа.
1 жніўня, падчас правядзення IX Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі, у межах кампаніі быў апублікаваны адкрыты ліст салідарнасці з беларускім філосафам, метадолагам Уладзімірам Мацкевічам. У лісце гаворыцца пра значнасць інтэлектуальнай працы для трансфармацыі грамадства і недапушчальнасць рэпрэсій супраць свабоднага мыслення. Навукоўцы і грамадзянскія актывісты заклікаюць да развіцця ідэй, пашырэння дыскусій і прасоўвання беларускай думкі на міжнародную арэну. Гэта павінна стаць адказам на імкненне рэжыму абмежаваць інтэлектуальную працу ў Беларусі. Ліст адкрыты для падпісання.
На сёння пад лістом падпісаліся больш за 50 інтэлектуалаў, даследчыкаў, навукоўцаў, грамадзянскіх дзеячаў з Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы, Вялікабрытаніі, ЗША, Расіі, Іспаніі і Партугаліі.