Франак Вячорка: Літва працягне выдаваць візы, для беларусаў нічога не зменіцца
Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка пракаментаваў сённяшнюю заяву міністра замежных спраў Літвы Габрыэлюса Ландсбергіса, які заклікаў не выдаваць візы турыстам з Беларусі і Расіі.

Па словах Вячоркі, для беларусаў у выдачы віз нічога не мяняецца, Літва працягне выдаваць гуманітарныя візы.
«Мы знаходзімся на сувязі з Міністэрствам замежных спраў Літвы. Нас запэўнілі, што Літва працягне выдаваць візы. Звычайныя турыстычныя візы не выдаюцца яшчэ з 2020 года. Усе візы, якія цяпер выдаюцца Літвой, выдаюцца па гуманітарных прычынах. Мы супраць забароны на выдачу віз для беларусаў. Ізаляваць трэба рэжым, а не народ. Але мы разумеем асцярогі Літвы і еўрапейскіх партнёраў: многія памагатыя рэжыму і прыхільнікі вайны злоўжываюць шэнгенскімі візамі», — заявіў Франак Вячорка.
Паводле слоў дарадцы Святланы Ціханоўскай, цяпер ідзе распрацоўка механізму верыфікацыі, што дазволіць
беларусам, якія не падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі і вайну, перамяшчацца па
тэрыторыі Еўрасаюза.