У ліпені беларусы і ўкраінцы заплацілі ў Літве 10 млн еўра падаткаў

З пачатку вайны ва Украіне ў Літве працаўладкаваліся больш за 15 800 украінцаў, гэта амаль палова ўсіх працаздольных бежанцаў з гэтай краіны. Беларусаў у краіне працуе 7500, і гэта толькі тыя, хто прыехаў пасля 24 лютага. Агулам беларусы і ўкраінцы ў ліпені заплацілі падаткаў на 10 млн еўра, піша Delfi.lt са спасылкай на мясцовую Службу занятасці.

pagalbos_ukrainieciams_centras_klaipedoje_90880577.jpg

Калі казаць пра беларусаў, то з 7500 працаўнікоў у Літве 88% — мужчыны, сярэдні ўзрост нашых суайчыннікаў — 37 гадоў. Іх сярэдняя зарплата складае 1786 еўра «бруднымі».

Больш за ўсё беларусаў працуе ў Вільнюсе — 4200, у Каўнасе — 600, у Шаўляі — 300, у Клайпедзе — 200.

Высокакваліфікаваную працу выконваюць амаль 2000, або 26% беларусаў. З іх 1700, або 87,1%, працуюць у сферы ІТ або сувязі. Працу, якая патрабуе сярэдняй кваліфікацыі, выконваюць 5500 беларусаў, або 73%. Нізкакваліфікаваную або некваліфікаваную працу выконваюць усяго 86 беларусаў, або 1%.