Фрылансер «Свабоды» Андрэй Кузнечык не выйшаў на волю пасля 20 сутак арышту

15 снежня меўся выйсці на волю фрылансер «Радыё Свабода» Андрэй Кузнечык. Яго двойчы пакаралі арыштам агульным тэрмінам 20 сутак, піша «Свабода».

Андрэй Кузнечык

Андрэй Кузнечык


25 лістапада Андрэй Кузнечык перастаў выходзіць на сувязь. Неўзабаве стала вядома, што яго затрымалі і правялі ў кватэры ператрус, а самога змясцілі ў мінскую турму на Акрэсціна.
На наступны дзень Заводскі раённы суд Мінска прызнаў Андрэя Кузнечыка вінаватым у «дробным хуліганстве» і пакараў 10 суткамі арышту. Сваёй віны на працэсе ён не прызнаў.
6 снежня Андрэй Кузнечык мусіў вызваліцца пасля адбыцця пакарання, але замест гэтага яму прысудзілі яшчэ 10 сутак арышту, зноў нібыта за «дробнае хуліганства». Віны фрылансер «Радыё Свабода» не прызнаў, перадач для яго не бяруць.
Андрэй Кузнечык — філолаг паводле адукацыі, заўзяты раварыст. У іх з жонкай Алесяй двое малых дзяцей.
З нагоды другога прысуду Андрэю Прэзідэнт «Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа» Джэймі Флай заявіў:
«Падаўжэнне тэрміну пакарання Андрэя паводле абсурдна сфабрыкаваных абвінавачанняў само па сабе павінна разглядацца як злачынства. Выкраданне Андрэя, арганізаванае дзяржавай, працягваецца, і гэта яшчэ адзін з крокаў рэжыму Лукашэнкі дзеля таго, каб заблакаваць доступ незалежнай інфармацыі да беларускага народа. Андрэю павінна быць дазволена вярнуцца да сваёй сям'і неадкладна».