Пракуратура завяла крымінальную справу за скандаванне слова «Ганьба» пасля прысуду Вітольду Ашурку

Прысуд актывісту Вітольду Ашурку вынеслі 18 студзеня 2021 года — тады па рашэнні суддзі ён атрымаў пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму. У адказ на такі прысуд прысутныя пачалі скандаваць «Ганьба» і «Верым, можам, пераможам». Некаторых прысутных там пасля асудзілі па арт. 23.34 КаАП. Цяпер сітуацыя атрымала працяг — пракуратура Гродзенскай вобласці завяла крымінальную справу па ч. 2 арт. 339 КК («Хуліганства, здзейсненае групай асоб»).

000024_954534_big.jpg


Як піша тэлеграм-канал «Задержания, суды в Лиде», усе, хто прысутнічаў 18 студзеня на тым судовым пасяджэнні, сталі падазраванымі па крымінальнай справе. У іх праводзяцца ператрусы, людзям выдаюць падпіскі аб неразгалошванні і нявыездзе.
Максімальны тэрмін пакарання па ч. 2 арт. 339 КК — шэсць гадоў пазбаўлення волі.
Нагадаем, актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак быў затрыманы 19 верасня 2020 года. Яго абвінавацілі паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»). Па двух артыкулах Вітольда прысудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі.
21 траўня 2021 года Вітольд Ашурак памёр у шклоўскай калоніі. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца. На момант смерці яму было 50 гадоў.