Жыхару Нясвіжа далі тры гады «хатняй хіміі» за пагрозы міліцыянту, які не меў да яго прэтэнзій
У Нясвіжы 13 снежня суд прысудзіў 34-гадовага Дзмітрыя Руткоўскага, якога абвінавачвалі паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка АУС»), да трох гадоў «хатняй хіміі». Пры гэтым сам пацярпелы супрацоўнік міліцыі прэтэнзій да Дзмітрыя не меў, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
У Нясвіжы 13 снежня суд прысудзіў 34-гадовага Дзмітрыя Руткоўскага да трох гадоў «хатняй хіміі».
Яго абвінавачвалі ў тым, што ў красавіку ён размясціў абразу ў суполцы «Свабодны Нясвіж» на адрас супрацоўніка РАУС Валерыя Траяноўскага. Паводле версіі следства, у каментары Руткоўскага выказвалася пагроза гвалту на адрас Траяноўскага. Праўда, каментар выявіў не сам пацярпелы, а іншыя супрацоўнікі міліцыі.
Дзмітрый працаваў кіроўцам-міжнароднікам, у мужчыны ёсць жонка і сямігадовая дачка.
На судзе Дзмітрый Руткоўскі сваю віну прызнаў. Пацярпелы на пасяджэнні не прысутнічаў, але заявіў, што прэтэнзій да абвінавачанага не мае. Нягледзячы на гэта, суддзя прысудзіла Руткоўскага да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.