Гродна. Скончыліся раскопкі на Вялікай Траецкай

Археалагічныя працы, якія ладзіліся сіламі гістфаку ГрДУ, падышлі да канца. Самай цікавай знаходкай аказаўся развал печы XІV–XVI стагоддзя, агулам жа гродзенцы ўпадабалі гэты раён яшчэ ў ХІ ст.



Археалагічныя працы, якія ладзіліся сіламі гістфаку ГрДУ, падышлі да канца. Самай цікавай знаходкай аказаўся развал печы XІV–XVI стагоддзя, агулам жа гродзенцы ўпадабалі гэты раён яшчэ ў ХІ ст.

Знаходкі даюць археолагам падставы меркаваць, што яшчэ ў ХІ стагоддзі на гэтым месцы знаходзіўся гарадскі пасад   на гэты факт ўказваюць фрагменты тагачаснага посуду. Каментуе загадчык кафедры археалогіі і этнаграфіі ГрДУ Сяргей Піваварчык:
 
— Падчас раскопак у нас атрымалася зафіксаваць тры будаўнічых ярусы, самы ранні з якіх адносіцца да ХІІ–ХІІІ стагоддзя, самы позні датуецца XVI стагоддзем. Разам з тым былі знойдзеныя тры развалы печаў, адна з якіх з'яўляецца вельмі для нас цікавай, бо была складзеная з гаршчковай кафлі — самай ранняй на беларускіх землях, якая выкарыстоўвалася ў XІV–XVI ст. З яе атрымалася сабраць нават цэлыя формы.
 
Большасць знаходак прадстаўляе керамічны посуд розных часоў ды кафлю. Знаходкі яшчэ не апрацоўваліся і грунтоўна не аналізаваліся, таму дакладнейшыя звесткі нас чакаюць пасля.
 
Бліжэйшым часам мы плануем пачаць раскопкі ў двары Гуманітарнага каледжу, дзе будзе стварацца музей. Калі там будуць выяўленыя нейкія падмуркі ці драўляныя пабудовы дырэкцыяй разглядаецца нават варыянт аб іх кансервацыі і выкарыстоўванні ў якасці «міні-скансэну». Плануецца таксама працяг даследаванняў Каложскай царквы, але час іх правядзення залежыць ад тэрмінаў пераносу ўнутранага інтэр'еру ў новы царкоўна-прыхадскі комплекс.

Паводле сайта “Твой стыль