Хакеры сцвярджаюць, што ўзламалі базу Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Яны апублікавалі даныя па бліжэйшым коле Лукашэнкі

У пацверджанне былі апублікаваныя выпіскі з базы на высокапастаўленых чыноўнікаў, а таксама людзей з бліжэйшага кола Лукашэнкі.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

У базе ФСАН захоўваюцца наступныя звесткі: прозвішча, імя, пол, узрост, адрас, нумар пашпарту і ідэнтыфікацыйны нумар, УН, месца працы, сума выплачаных падаткаў. У фонд выплачваюцца абавязковыя страхавыя ўзносы, узносы на прафесійнае пенсійнае страхаванне і шэраг іншых плацяжоў.
Раней хакеры заяўлялі пра ўзлом АІС «Пашпарт», базы ДАІ, іншых баз звестак МУС, у тым ліку архіў праслухоўвання службы ўласнай бяспекі і базу запісаў аператыўных дронаў. Афіцыйнага пацверджання гэтых узломаў не было.
Але ўлады заявілі пра стварэнне Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных звестак. Гэта было расцэнена як адказ уладаў на шырокамаштабную працу аб'яднання хакераў.
«Наша Ніва»