Гаспадары арт-хутара запрашаюць творчых асобаў на бясплатную тыднёвую рэзідэнцыю
Гаспадары арт-хутара "Васіліна" ў Валожынскім раёне прапануюць паслугі рэзідэнцыі за дабрачыннае ахвяраванне.
"Беларускія
пісьменнікі, мастакі, музыкі ды іншыя прадстаўнікі творчых прафесій! Мы
вырашылі падтрымаць вас так, як можам, і запрашаем на бясплатную тыднёвую
творчую рэзідэнцыю на арт-хутары “Васіліна”.
Гэта месца з ідэальнай атмасферай для поўнага занурэння ў стваральныя працэсы. Цішыня, адсутнасць суседзяў, панарамныя вокны з шыкоўнымі краявідамі — найлепшыя крыніцы натхнення.
Калі вы працуеце над нейкім творам ці хочаце пачаць працаваць, але не можаце засяродзіцца і пастаянна адцягваецеся на будзённыя справы, то гэта тое, што вам трэба.
У вашым распараджэнні будзе цэлая вясковая хата з пячным ацяпленнем, магчымасцю гатаваць сабе ежу ці купляць гатовае харчаванне, а таксама шанец пазнаёміцца з сельскім бытам, вясковымі традыцыямі, гістарычнымі мясцінамі і прыродай", — піша гаспадыня хутара на сваёй старонцы ў фэйсбуку.