Газету «Intex-press» улады пазбавілі дзяржаўнай рэгістрацыі

Баранавіцкую незалежную газету «Intex-press» пазбавілі дзяржаўнай рэгістрацыі як сродку масавай інфармацыі.

inter_press2.jpg

Загад аб ануляванні пасведчання друкаванага СМІ падпісаў 30 чэрвеня 2022 года міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў, паведамляе БАЖ.

У загадзе адзначаецца, што «выпуск друкаванага сродку масавай інфармацыі не ажыццяўляецца на працягу шасці месяцаў запар», як таго патрабуе закон, а таму пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі СМІ, выдадзенае газеце «Intex-press» у 2009 годзе, анулюецца. Акрамя таго, выданне выключана з Дзяржаўнага рэестра сродкаў масавай інфармацыі.

Газету «Intex-press» адмовіліся друкаваць у Беларускім доме друку ў траўні 2021 года: тады выданне — упершыню за 26 гадоў — выйшла толькі ў электронным выглядзе.

Жорсткі прэсінг з боку ўлад баранавіцкая незалежная газета адчула пасля публікацыі інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай, якое пазней прызналі «экстрэмісцкім матэрыялам».

У выніку ад продажу выдання адмовіліся практычна ўсе буйныя гандлёвыя сеткі Баранавічаў, а ў дачыненні да галоўнага рэдактара Уладзіміра Янукевіча і выдавецкага дома «Інтэкс-прэс» з прычыны гэтай публікацыі былі складзены адміністрацыйныя пратаколы, на падставе якіх былі накладзены вялікія штрафы. Пазней распаўсюджваць газету праз падпіску адмовілася РУП «Белпошта», а Брэсцкі філіял ДРУП «Белсаюздрук» у аднабаковым парадку скасаваў дамову аб продажы выдання праз сетку газетных шапікаў і крам прадпрыемства.

Як распавёў службе маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў Уладзімір Янукевіч, пасля адмовы Беларускага дома друку рэдакцыя шукала магчымасці друкаваць газету на іншых паліграфічных прадпрыемствах па ўсёй краіне.

«Адусюль атрымалі адмовы. Нават у адной з друкарняў у Расіі нас назвалі «нядобранадзейнымі». А многія іншыя друкарні адмаўляліся без тлумачэнняў — праз пэўны час. Магчыма, вывучалі наша дасье праз інтэрнэт альбо проста тэлефанавалі ў друкарню, з якой мы супрацоўнічалі раней», — кажа Уладзімір Янукевіч.

Варта таксама нагадаць, што напрыканцы 2021 года Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да сайта intex-press.by. У адпаведным загадзе за подпісам міністра Уладзіміра Пярцова падставай для блакіроўкі інтэрнэт-рэсурсу называюцца «парушэнні заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі ў частцы размяшчэння інфармацыі, распаўсюджанне якой забаронена».