Гэта не жарт. Ніне Багінскай забаранілі наведваць казіно і гуляць у азартныя гульні
75-гадовай Ніне Багінскай забаранілі выязджаць з Беларусі, наведваць казіно, а таксама гуляць у азартныя гульні, паведамляюць праваабаронцы.
![photo_2022_08_25_18_05_39.jpg photo_2022_08_25_18_05_39.jpg](/img/v1/images/photo_2022_08_25_18_05_39.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У судзе Першамайскага раёна Мінска адбыўся яшчэ адзін працэс у дачыненні да 75-гадовай актывісткі Ніны Багінскай па пытаннях забеспячэння выканання выканаўчага дакумента. У красавіку ёй прызначылі 1600 рублёў штрафу за тое, што яна выйшла са сцягам у цэнтр Мінска на Дзень Волі.
Штраф Багінская аплочваць не стала, таму ў дачыненні да яе былі накладзеныя абмежаванні — 8 жніўня намесніца старшыні аддзела
прымусовага выканання Першамайскага раёна Мінска Саранчук забараніла Багінскай
паляваць, кіраваць машынай і маламернымі судамі, а аператарам сувязі
прадастаўляць актывістцы паслугі інтэрнэта, мабільнай сувязі і тэлебачання.
Але гэтага падалося мала, таму аддзел прымусовага выканання
Першамайскага раёна Мінска звярнуўся ў суд. У выніку суддзя Вольга Чарніковіч
забараніла актывістцы выязджаць з Беларусі, наведваць ігральныя ўстановы, а
таксама гуляць у азартныя гульні.
![Ніну Багінскую пазбавілі сувязі і інтэрнэта Ніну Багінскую пазбавілі мабільнай сувязі, інтэрнэта і тэлебачання](/img/v1/images/photo_2022_08_19_19_49_22.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)