Хлопцу, які заступіўся за дзяўчыну 9 жніўня, пагражае два гады «хіміі»

У судзе Слонімскага раёна завяршаецца разгляд крымінальнай справы супраць мясцовага жыхара Максіма Кучынскага, якога вінавацяць у гвалтоўных дзеяннях супраць супрацоўніка міліцыі (арт. 364 КК РБ). Справу разглядае суддзя Аляксандр Ярмолік.

slonim_prakuror_3.jpg


Максім Кучынскі быў затрыманы 9 жніўня ў Слоніме на мірнай акцыі пратэсту, калі заступіўся за дзяўчыну з бел-чырвона-белым сцягам, якую пры разгоне мітынгу збівалі сілавікі. Хлопец быў затрыманы, а на наступны дзень суд вынес пастанову аб адміністрацыйным арышце на 7 сутак. Адначасова была ўзбуджаная крымінальная справа па арт 364 Крымінальнага кодэксу. Да суда, які пачаўся 2 лістапада, Кучынскі знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе.

Як развіваліся падзеі

Адзін са сведак з боку абвінавачвання паказаў у судзе, што бачыў, як 9 жніўня Максім нібыта абхапіў "пацярпелага", супрацоўніка міліцыі Максіма Герасімчыка, і яны разам ўпалі долу. Пры гэтым Кучынскі нібыта прычыніў боль пацярпеламу, і нават надарваў яму кашулю.
Бок абароны сведчыць, што ў натоўпе абвінавачанага хтосьці ўдарыў і ён, падаючы, зачапіў супрацоўніка і тады яны разам зваліліся.
Астатнія сведкі самога моманту падзення пацярпелага і абвінавачанага не бачылі, а бачылі толькі наступствы, што яны абодва ляжалі на зямлі.
У пацярпелага Герасімчыка судова-медыцынская экспертызы цялесных пашкоджанняў не выявіла.

Пацярпелы Максім Герасімчык

Пацярпелы Максім Герасімчык



“Заўтра зноў напэўна прыгоняць”

У першы дзень судовага паседжання 2 лістапада ў судовай залі прыкладна на 30 месцаў добрая палова была занятая супрацоўнікамі міліцыі ў форме і без.
Калі пасля абедзеннага перапынку грамадзяне вярнуліся на суд, судовая сакратарка сказала, што ідзе кварцаванне памяшкання і прасіла ўсіх пачакаць. За гэты час судовая зала дзіўным чынам ізноў напоўнілася супрацоўнікамі міліцыі, частка людзей у зале не змясцілася і яны вымушаныя былі сысці. Адзін з супрацоўнікаў міліцыі ўголас прамовіў свайму калегу: "Заўтра зноў напэўна прыгоняць”.

Пракурор запрасіў два гады “хатняй хіміі”

Максім Кучынскі патлумачыў суду, што сваёй віны не прызнае цалкам, матэрыяльную шкоду (надрыў на форменнай кашулі) у памеры тры рублі кампенсаваў. Наконт пазову ў памеры 1000 рублёў, які пацярпелы просіць спагнаць на сваю карысць, а затым пералічыць на рахунак інфекцыйнага аддзялення Слонімскай ЦРБ, ён мае вялікія сумневы, што гэта робіцца без націску сверху.

Пракурор Віктар Русакевіч

Пракурор Віктар Русакевіч


На судовым паседжанні 3 лістапада выступіў дзяржабвінаваўца Віктар Русакевіч, які выказаў сваё меркаванне аб тым што віна Максіма Кучынскага цалкам даказаная матэрыяламі справы ў судзе і запрасіў для абвінавачанага два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстановы закрытага тыпу ("хатняя хімія"). Таксама пракурор падтрымлівае матэрыяльны пазоў у памеры 1 000 рублёў
 Прысуд па справе будзе абвешчаны ў 16 гадзін 4 лістапада.
spring96.org