Гомель. Штрафы з журналістаў спаганяюць праз старонку ў «Однокласниках»
Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова атрымала паведамленне ў сваім профілі ў сацыяльнай сетцы «Однокласники» ад судовага выканаўцы Гомельскага раёна Дзмітрыя Калодзіна з прапановай неадкладна сплаціць штрафы.
У іншым разе судовы выканаўца пагражае абмежаваць права Шчыраковай на кіраванне аўтатранспартам і забараніць выезд за межы Рэспублікі Беларусь.
Гэта першы такі зварот праз сацыяльныя сеткі да журналісткі. Раней пасля судовых штрафаў Шчыракова атрымлівала падобнае папярэджанне на фірмовым бланку з пячаткай установы.
— Лічу судовага выканаўцу Калодзіна вельмі актыўным і крэатыўным супрацоўнікам. Мне нават стала крыху няёмка, бо штрафы за так званую падрыхтоўку відэаматэрыялаў для тэлеканалу “Белсат” без акрэдытацыі я даўно сплаціла, а квітанцыі судоваму выканаўцу не перадала. Існуе, праўда, адзін істотны нюанс у ініцыятыве судовага выканаўцы: такі зварот не гарантуе, што інфармацыя дойдзе да адрасата, паколькі профіль са здымкам у сацыяльных сетках з любым прозвішчам можа стварыць хто заўгодна. У такім разе інфармацыя, якая тычыцца толькі мяне, стане вядома іншаму чалавеку, — мяркуе Ларыса Шчыракова.
Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка лічыць, што начальства павінна прыгледзецца да Дзмітрыя Калодзіна як да стараннага і руплівага працаўніка:
— Калі б ён быў
маім падначаленым, я даў бы яму прэмію. Бо ніякага парушэння працэдуры
спагнання штрафу з боку судовага выканаўцы няма. Судовы выканаўца мае розным
чынам спаганяць штрафы з даўжнікоў. Ён адсочвае, ці ёсць грошы на рахунку
чалавека. Можа накласці арышт на транспартны сродак, апісаць іншую маёмасць.
Час не стаіць на месцы. Цяпер з'явілася магчымасць камунікаваць з даўжнікамі і
праз сацыяльныя сеткі. Абразы журналісткі на старонцы ў “Однокласниках” не было
— судовы выканаўца ветліва нагадаў, што трэба разлічыцца з дзяржавай, бо інакш
будуць ужыты рэпрэсіўныя захады.